Ян Чачот – Калдычэўскі шчупак


Балада
для Міхала Верашчакі

Міхалу, пасылаючы гэту баладу
Найпершага ў свеце люблю я гуляку –
Цябе, дарагі мой Міхале,
Хоць ты і не роўня таму Верашчаку,
Які ў дэпутацкае зале
Калісьці пастукваў выбранец айчыны,
У сцены, дзе ўсімі чаканы
Быў Польшчы урад у цяжкія часіны
Нябёсамі падараваны.
З тых сценаў выносіў і радасць, бывала,
І роспач парою ліхою.
Для шчасця сваіх землякоў ён нямала
Рабіў тады, шчыры душою.
Служыў свайму краю аддана заўсёды,
Калі ж пастарэў, усё роўна
Людзей ён дабром адараў, у нягоды
Усім памагаў безадмоўна.
Наслухаўся ты, што ён бачыу на свеце –
Было што успомніць старому.
А ты што раскажаш, Міхал, сваім дзецям!
Сядзіш, не вылазячы з дому…
У святах, забавах бясконцых, гуляка.
Ты ўвесь з галавой патанаеш.
А мог быць славутым, як той Верашчака, –
Ты ж сэрца цудоўнае маеш.
не еш жа, Міхале, дарэмнага хлеба,
Вазьміся за працу, як людзі.
У свеце рабіць хоць што-небудзь ды трэба.
Адлежвацца ў закутку – будзе!
І я так люблю паваляцца бывае,
Ды мне марнатраўства не люба.
Таму, хто ўсё толькі лайдачыць, гуляе, –
Ты ведай – і ганьба, і згуба!
Душы тваёй ўсё на спачыне.
Калі ж бы пусціў яго ў лёт ты, Міхале,
Ах, як паслужыў бы айчынне!
У славе з табой бы ніхто не зраўняўся!
Ты толькі гультайства адолей!
Калі б ты за працу нарэшце узяўся,
Цябе б я любіў яшчэ болей.
У доказ, што люб мне няшчасны гуляка,
Баладу табе пасылаю.
А ўславіў імя б ты сваё – Верашчака,
Ад сэрца табе заяўляю,
Што (толькі б не ведаў Ян з музай разлукі
І быў бы жывы) ён зычліва
Запеў бы ўсе творы твае без прынукі –
Аж свет анямеў бы: “Вось дзіва!”

 

 

БАЛАДА

1
Каля Калдычэва, што зноў па абшары
Блакіт разліло сярод лета,
Рыбак у гадах, з маршчакамі на твары,
Я помню, расказваў пра гэта.
У часе далёкім, пры Зыгмунтах недзе,
Ля хвалі азёрнай раскутай
Быў замак высокі – здалёку б угледзеў –
І жыў у тым замку Анцута.
2
Пра добрага пана між наваградчанаў
Далёка хадзіла гамонка.
Ды кепска вось: не ашчаслівіла пана
Ніводным дзіцём яго жонка.
Бяздзетнасць – ёсць кара мо неба самога:
Пражыць без патомства – пакута.
У Цырын, Варончу – задобрыць бы Бога –
Нёс безліч дарункаў Анцута.

3
І Бог адгукнуўся на шчырасць во гэту!
О радасць неспадзяванкі!
Гасцей насклікаў і сябра з Пясчанкі.
Прыехалі з Слоніма, нават з Бярэсця17,
З-пад Пінска – звінелі гасцінцы!
Гасцей назбіралася, можа, за дзвесце.
Што коней было на дзядзінцы!

4
А хто быў з Пясчанкі, з гасціннага дома?
Што ведаеш ты, небарака!
Пытайся ў мяне: мне ўсё ў свеце вядома!
Там жыў знаны Ян Верашчака!
Ён так баляваў там, нібы вы сягоння
Ў Туганавічах – ну няйначай!
Адзін ён за стол не садіўся – у гроне
Сяброў: быў з душою юначай.

5
Не меў, як Міхал, на стале вельмі рэдкіх
Тады кавуноў, ананасаў:
У час той дзівосаў няведамых гэткіх
Яшчэ не было між прыпасаў.
Ды ты б паспытаў яго яблык ці грушу!
А поўныя мёду барылы!
Я аж аблізацца, успомніўшы, мушу –
Каму з нас прысмак той не мілы!

6
Гуляюць там госці. Шум, гоман наўкола.
Ад мёду гараць ажно шчокі.
Умомант схапіўшы пад ручкі Эола,
Нясуцца з прыпеўкамі ў скокі.
Не чуюць там нават у гомане гуляў
Ад возера хваль бурапенных,
Што ўраз налятаюць на замак у гуле,
Б’ючыся з уплёскам аб сцены.

7
Ну што ж, хай гуляюць спакойна літвакі,
Бяруць сілы новыя ў мёдзе.
Тут білі калісь крыжакоў усялякіх –
Чаму ж не скакаць пры нагодзе!
Скакаў тут і Ян Верашчака без стомы:
Без гэтага ж свята не свята!
А быў, як Міхал, і рыбак ён вядомы!
Як рыбу лавіў ён заўзята!

8
І тут пасля скокаў гасцей падбівае
У возера невад закінуць.
Улоў найбагаты усім абяцае:
Адно памаглі б яго выняць!
Жыў колісь пад Пінскам, дзе Прыпяці хвалі,
І палешукоў знаў сакрэты.
Там любы яму ловы гэтыя сталі –
Як шабля, як мёд, як кабеты.

9
Відаць, і ў табе кроў яго ёсць, Міхале:
Ледзь згледзіш ваду дзе, здымаеш
Кашулю і лезеш па шыю у хвалі.
А Крысю ты як абдымаеш!
Віном ты не грэбуеш, прагнеш ты бою,
Ды з кім тут пабіцца – не знаеш.
Сядзіш толькі дома ты з люлькай сваёю
Ды з Сэрвачы рыбу цягаеш.

10
Прабач, што рыбачыць не змог я з табою –
Была немалая прычына:
Чым рыбай займацца, хацеў тою парою
Я з мілай прайсці Марцалінай.
Я добры рыбак за сталом толькі хіба…
Але пра гасцей мы забылі.
Яны ля вады ўжо – ці ёсць у ёй рыба?
Вось невад у вір запусцілі.

11
Ён тоне ў вадзе, паплаўкі праз хвіліну
Наверх як адзін усплываюць.
Іх з плёскатам хвалі – няма ім упыну –
Ужо ў шумавінні гайдаюць.
Чаўны адвязалі – заплёскалі вёслы.
Сярод рыбакоў, забіяка,
Быў там, як заўсёды, вясёлы, узнёслы,
Уперадзе сам Верашчака.

12
Час невад цягнуць – немалая работа.
Заўзята працуюць рукамі.
А ён ходзіць ходарам, б’ецца ў чаротах,
Плюскоча, цяжкі, паплаўкамі,
Але Верашчака усюды дасць рады,
З рук невада не выпускае.
Дух моцны ў старога – прыгодам ён рады –
І сіла ў руках маладая.

13
Гуртом цягнуць невад – аж пеняцца хвалі, –
Не быў гэткім важкім ніколі.
І во ён наверсе! “Ура!” – закрычалі,
Аж рэха пайшло па наўколлі.
Тут штось як пялёхнецца – прэч, разявака!
Рве сеці шчупак – мо з паўтоны!
Але не губляецца ўсё ж Верашчака:
Хапае яго ўжо, натхёны!

14
Да берага цягне. “Чакай, о мой куме! –
Анцута яго тут спыняе. –
Няхай паляжыць у вадзе ён, у шуме,
Зрабіць так з ім сябра жадае:
Уздзець у хрыбет яму кольца стальное
І ў хвалі пусціць – да сустрэчы!
У памяць дачкі нараджэння такое
Ўчыніць было б вельмі дарэчы.

15
На кольцы тым выб’ем, – Анцута так мовіць, –
Мы зараз жа надпіс тактоўны:
“Той, хто шчупака таго дзе-небудзь зловіць,
Дасць баль мне, Анцуту, шыкоўны!”
Я знаю, шмат з возера нашага нораў
Ідзе пад зямлёй ва ўсе бокі.
Шчупак па іх можа патрапіць да мораў
Нязнаных – у край найдалёкі.

16
Яго будзем есці, мой куме, суседзі,
Віном запіваючы з гляка,
Ў султана альбо ў караля на абедзе!..”
“О брава!” – гукнуў Верашчака.
І ў кузні тут звон малатоў у хвіліну
Раздаўся – каваль на кавадла
Кладзе разагрэтую ў горане шыну
І б’е па жалезе заядла.

17
Вось кольца гатова! Вось золатам словы
Захвотай на ім выбіваюць!
І з ім шчупака – хай гуляе здаровы! –
У возера зноўку пускаюць.
Так пляснуў хвастом па вадзе, здаравяка,
Што пырскі ўзляцелі пад неба.
Да ніткі ўвесь змок быў уміг Верашчака
І ўсе былі змоклі што трэба.

18
Але рыбакам не было многа страты,
Што зноў шчупака адпусцілі:
Улоў таго дня быў надзіва багаты –
Аж ледзьве ў шэсць фур умясцілі!
Былі там ліні, шчупакі з карасямі.
Ляшчы і адлешчыкі, многа
І іншае рыбы – грабі кашалямі:
Бы хтосьці сыпнуў яе з рога!

19
Вячэра была там на славу – ад рыбы
Сталы проста гнуліся ў час той.
Сядзеў Верашчака вясёлы – ну, нібы
Бог мора – ў адзежы блішчастай.
Ядуць усе й хваляць яго, рыбалова.
Гучаць яму ўсюды віваты.
Аж вус лезе ўсмешліва ўверх, калі слова
Хвалы яму дораць дзяўчаты.

20
А ён у адказ кампліменты талкова
Усім рассыпае, найветлы.
І рады паненкі, ім кожнае слова
Яго – бы мёд ковенскі светлы.
Кальне каго досціп мо неасцярожны,
Мо заружавее якая,
Ды крыўды – ні ў кога ніякай, бо кожны
Той жарт добра сэрцы яднае!

21
Закончыўся баль, адшумелі хрысціны,
Паехалі госці з гулянкі.
Ужо й Верашчаку вазок праз Плужыны
Адвёз да ягонай Пясчанкі.
Зноў сеюць і косяць, як быць і павінна.
За працаю хутка й забылі,
Як колісь на тых незвычайных хрысцінах
У вір шчупака адпусцілі.

22
Шугала жытамі аж да небакраю
Не раз пад Наваградкам поле.
Дачка ўжо Анцуты – красуня, якая
Уся расцвіла на прыволлі.
Рабіць усё ўмела – і прала, і шыла,
На кухні усё гатавала.
Сувоі палотнаў на лузе бяліла,
Сама агарод засявала.

23
Была яна з боскаю цнотай знаёма,
Глядзела бацькоў, як умела.
Чым гойсаць Наваградкам, лепш яна дома
Хоць чым памагчы ім хацела.
І добра, што ні казіно той часінай,
Ні ўсякіх рэдутаў не знала.
Затое, ледзь дзень прачынаўся, дзяўчына
Ўжо ложа сваё пакідала.

24
І шлі так гады. Неяк да Верашчакі
Цівун залятае ў пакоі.
А бледны! Аж пан – на выпадак усякі –
Рукой пацягнуўся да зброі.
“Не ворагі гэта!.. Я ў Свіцязі бачыў… –
Казаў, а самога аж трэсла, –
Таго шчупака! Я пазнаў – ён, няйначай!”
Уцяміўшы, ўскочыў пан з крэсла.

25
Стары ўжо – у твары змянілася штосьці,
Ды быў нібы цвік ён, меў сілу:
Хто сціпла паводзіў сябе ў маладосці,
Таму ісці доўга да схілу.
“Хутчэй дайце кій мне, нясіце апратку,
Падайце найвострыя з восцяў!”
У доме забегалі ўсе ў беспарадку,
Узброілі ўміг ягамосця!

26
А гэта было недзе ранняй вясною,
Калі ўсе мацней сябе чуюць.
Да берага рыбы такою парою
Лавінамі йдуць – нерастуюць.
Злавіць тую рыбу, што сама гуляе,
Увечары восцямі можна.
Яе толькі трэба, калі падплывае,
Агнём асвятліць асцярожна.

27
Да возера борзда стары наш шыбуе,
Ну, так, як Міхал усё роўна.
Лучынаю свецячы, рыбу цікуе
Па ціхае Свіцязі з чоўна.
Агонь гэты бачыцца людзям са шляху.
З таго, што вядзе ў Гарадзішча.
Мо гэта нячысцік, гадаюць у страху,
Там сушыць свой скарб, што так блішча.

28
Прыгледзься, і лысіна вунь у старога,
Як скарб той, паблісквае з даляў.
Нібыта нептун, які, воднай дарогай
Пусціўшыся, спрытна між хваляў
Трызубцам ахвяру сваю падцінае,
Гайдае марскія прасторы,
Так наш Верашчака у чоўне шнырае
Па Свіцязі светлай без зморы.

29
Нарэшце шчупак! Верашчака бязмоўна
Шост з восцю вышэй уздымае.
Хвіліна, і вось, нахіліўшыся з чоўна,
Ураз шчупака працінае!
Да берага цягне, шчупак жа тут – дыба!
Хвастом ва ўсе бокі лупцуе!
Ледзь шост не зрывае – вось гэта дык рыба!
А побач вада ўся віруе!

30
Ах, што ж гэта ноч засланяе сабою
Рыбацкую слаўную дзею!
Хай барды б з-пад Нёмана песняй сваёю
Апелі такую падзею!
Не знаю, жыць буду я многа ці мала,
А ўсё-ткі – няхай мо й няўмела –
У вершы ўздыму славу продка Міхала,
Як той шчупаковае цела.

31
“Цуд! Цуд!” – Верашчака здзіўлёна ўсклікае,
Убачыўшы кольца стальное…
Дадому, да жонкі вярнуўся – аж ззяе:
“Ці чула ты дзіва такое!
Чакай – заўтра ж госць з Калдычэва прыедзе!
Хай змірыцца ўжо: яму з гляка
З султанам віна не папіць у бяседзе –
Больш годны усё ж Верашчака”.

32
І праўда: назаўтра прымчаўся з сям’ёю
Ён, госць калдычэўскі, ў Пясчанку.
Гулялі, смяяліся, елі гурмою
Таго шчупака аж да ранку.
Ды гэта не ўсё: у бяседзе тым разам
Сустрэліся двое маўкліва –
Юнак і дзяўчына. Быць, мусіць, ім разам:
Так ззялі іх вочы шчасліва!

33
Была то дачка-прыгажуня Анцуты,
Юнак жа – быў сын Верашчакі.
Даўно да яе, маладзён, быў прыкуты –
Яе ўпадабаў бы усякі!
Была яна сціплай, спакойнай, цнатлівай,
А твар аж свяціўся, прывабны.
Як хораша дома рукою цярплівай
Маток развівала ядвабны!

34
Не раз пры двары ў Калдычэве ад рання
Прайстойвалі хлопцавы коні
Ды елі там з дышла, паніч на расстанне
Пяшчотна браў любай далоні.
Ён піў за здароўе яе з чаравічка,
Што мілая ножка насіла,
Яна ж дыванок свой – там гай і крынічка –
Яму – ведай ткаллю – дарыла.

35
“Пасватаць пара ўжо іх, куме шаноўны, –
Ну хто ж пра любоў іх не знае?
Дзяўчына – красуня і хлопец цудоўны,
10Раскутай – вызвалены, вольны, не абмежаваны.
Хай Бог іх сягоння ж з’яднае!
Няхай жа адно аднаго так кахаюць,
Як мы во, бацькі іх, зычліва”.
У хлопца ад радасці вочы аж ззяюць,
Яна уніз глядзіць сарамліва.

36
Заручыны справілі. Дружным віватам
Грымела вясёла Пясчанка.
Здаецца, шчупак быў галоўным тут сватам –
Такая ўжо неспадзяванка!
І ты шчупакоў вудзіш любы Міхале,
У Сэрвачы – хай бы злавіўся
Такі, што й цябе ўжо так з нейкаю краляй
Сасватаў, і тыб ажаніўся!

37
Каб трапіла ў вуха мне вестка такая,
Каб нашы прыняў ты парады,
Узнёс бы да неба таго шчупака я
І крыкнуў бы голасна, рады:
Жыві ж, брат, здаровы ты з любаю жонкай
І дом свой за час найкароткі
Напоўні вясёлай дзіцячай гамонкай,
Працуй і рыбач так, як продкі!

Яндекс.Метрика