Бурыч

ДА 50-ГОДДЗЯ ВЫ3ВАЛЕННЯ БЕЛАРУСІ АД ФАШЫСЦКІХ ЗАХОПНІКАЎ

I. МОНЦІК.
в. Вялікія Лукі.

На досвітку, калі ў наваколлі вёскі яшчэ ўладарыла дрымотная ціш, ў двор да дзядзькі Паўлюка зайшлі двое: адзін з ружжом, відаць, ўласавец, другі без ружжа, апрануты ў штацкае. Чалавека ў штацкім адзенні дзядзька Паўлюк адразу пазнаў. Гэта быў Бурыч, яго так і звалі ў акрузе – Бурыч, “васточнік”, таму што ён быў прыезджы здалёк і добра ўмеў гаварыць па-руску. Адукаваны і па характару добры, зычлівы чалавек.

Яшчэ пры Польшчы служыў ён тут секвестратарам, але ніколі з людзей не здзекаваўся, не драў з іх скурў за ўсялякія там штрафы і падаткі. Цяпер жа, пры немцах, як таленавіты службовы работнік, ён быў абраны ці прызначаны ўладай на пасаду бурмістра, майстра, накшталт старасты, які павінен быў ведаць, што робяць яго людзі. Каму служыў, на каго працаваў пан бурмістр, сказаць па праўдзе, у вёсцы ніхто не ведаў. Не ведаў пра гэта і дзядзька Паўлюк. Ды і не павінен быў ведаць – так было надзейней для справы… Бурыч стаяў перед дзядзькам  Паўлюком і маўчаў, як акамянелы. Ён штосьці хацеў сказаць, але не змог… Ад нясцерпнай нематы і насцярожанасці поглядаў ранніх прышэльцаў у гаспадара хаты стыла ў жылах кроў.

– Бяры рыдлёўку… Пайшлі, – прыказаў незнаёмы з ружжом. Па дарозе завіталі да дзядзькі Міхася. Яму таксама загадалі ўзяць рыдлёўку. Далей пайшлі толькі ўтраіх. Бурыч застаўся ў вёсцы. Чаму? Мусіць, так трэба было…  Неўзабаве прыйшлі на ўскраек лесу. Уласавец агледзеўся па баках і ўвайшоў у лес. Ступіў крокаў некалькі і ўпэўнена  загадаў:

– Тут. Капайце.

I больш не сказаў ні слова. Вяскоўцы пераглянуліся.  Закалаціліся іх сэрцы, а ў галовах мроіліся розныя невясёлыя думкі. Але пад дулам ружжа ўсё роўна капаць трэба было. I капалі. Вось ужо гатова яма даўжынёй тры метры і глыбінёй – па пояс.

– Капайце глыбей, – грозна прагучаў загад.

І зноў зазвінелі, заскрыгаталі рыдлёўкі, угрызаючыся ў жоўты пясок з каменнямі і каранямі дрэў. Капалі і думалі пра сябе: “Навошта такая вялікая яма?” Ад жуды цямнела ў вачах, а ногі падкошваліся. Дакапаліся ўжо да вады.

– Хопіць, – сказаў, як адрэзаў, назіральнік. – А цяпер ідзіце.

Капальнікі хутка выбраліся з ямы – і ходу. Але адбегліся недалёка.

– Давай паглядзім, – сказаў адзін другому.

Яны схаваліся ў лясным гушчары і, стаіўшы дыханне, назіралі, што будзе далей.

…Уласавец расшпіліў кабуру, неспяшаючыся дастаў з яе рэвальвер і два разы стрэліў угору. Гэта быў сігнал, што работа скончана.

На дарозе, што вяла з вёскі ў лес, паказаліся дзве павозкі. На адной з іх сядзелі карнікі, на шапках якіх здалёк свяціліся эмблемы з чарапамі і скрыжаваннем касцей, на другой – бурмістр Бурыч, апрануты ў паліто.

Коней спынілі каля самага лесу. Усе пазлазілі. Злез з воза і Бурыч. Двое схапілі яго за рукі і падвялі да сасны. Абматалі калючым дротам і пачалі здзекавацца.

– Хто з партызанаў ў вёсцы? Дзе яны? – дапытваліся каты.

Бурыч маўчаў. Ад удараў па яго твары расцякалася кроў.

– Хто ў вёсцы мае сувязь з табой? Гавары, пан бурмістр, хто ўзарваў вузкакалейку? – прадаўжалі дапытвацца карнікі.

Градам сыпаліся цяжкія ўдары. Але Бурыч паранейшаму маўчаў.

Тады акрываўленае цела партызанскага разведчыка адвязалі пацягнулі да ямы. Зноў пачалі біць і дапытваць. Скінулі з яго паліто, боты і шапку.

Нічога не дабіўшыся, фашысты рашылі справу коратка. Пачуліся выстралы – і Бурыч упаў. Яго сцягнулі ў яму, закідалі сухім галлём.

У жаху дзядзька Паўлюк і дзядзька Міхась, на вачах якіх адбылася расправа над Бурычам, пабеглі ў вёску, знайшлі родных бурмістра і расказалі ім ўсё, што бачылі.

Назаўтра сваякі Бурыча забралі цела забітага і пахавалі на могілках ў вёсцы Ўзногі.

Праз многа гадоў на месцы забойства Бурыча вырас малады лес, узнялася высокая трава на палянах. Здаецца, усё тут новае, незнаёмае. Толькі горкім ўспамінам часін ліхалецця застаецца пад векапомнай сасною Бурычава яма.

Р. S. Аўтар не выдумаў гэту гісторыю. Яму расказаў яе аднавясковец Павел Калінкавіч Дрозд, сведак тых жудасных падзей.

Мужнага партызанскага разведчыка звалі Рыгор Іванавіч Бурыч. У горадзе Баранавічы жыве яго сын.

Монцік, І. Бурыч : пра партызанскага разведчыка в. Вялікія Лукі Рыгоре Іванавіче Бурыче / І. Монцік. — Наш край. — 1994. — 12 марта. — С. 2.

Яндекс.Метрика