Тытунёвая аперацыя

I. МОНЦІК.
в. Вялікія Лукі

Тытунёвая аперацыя

АД АЎТАРА: Гэты невялікі твор я прысвячаю памяці свайго земляка Канстанціна Пятровіча Бадака, які пяцьдзесят гадоў таму назад (26 красавіка 1944 года) загінуў ад рук фашыстаў.

Кастуся, які так любіў жыццё, і цяпер памятаюць у яго роднай вёсцы Вялікія Лукі. Многа расказвалі мне пра яго суседзі Бадака Павел Калінкавіч Дрозд і яго сыны Валодзя і Лёня.

Мне хацелася ў гэтых радках перадаць атмасферу таго трывожнага часу, калі вёска жыла пад фашысцкай акупацыяй.

Стаяў цёплы жнівеньскі дзень. Кастусь, сувязны партызанскага атрада вяртаўся з задання дамоў. На возе ляжала шэсць снапкоў сцяблістага, пахучага тытуню, які пашчасціла раздабыць аж пад Слуцкам.

Дарога была доўгай. Думкі то знікалі, то зноў снавалі па пратаптаных сцяжынках памяці. На адной з такіх сцяжынак з’явілася чарнавокая Ганначка, з якой калісьці разам вучыліся ў Баранавіцкай гімназіі. Дзе яна, любая? Што з ёю?.. Апошні ліст ад Ганкі атрымаў пасля заканчэння Вільнюскага механічнага тэхнікума, перад самай вайной.

“Мілы Кастусік!.. – пісала яна. – Я так жадаю нашай сустрэчы…” Колькі цяпла і пяшчоты было ў гэтым яе пісьме!

Лежачы на возе і ўспамінаючы былое, дваццацігадовы юнак пазіраў у блакіт неба. Паабапал дарогі прасціраўся лес. Сосны кружылі сваімі верхавінамі і, здавалася, што вось-вось яны ўзляцяць увысь, дзе так шчыра праменіць сонца. Але даўжэнныя шэрыя карані моцна ўтрымлівалі дрэвы на тым месцы, дзе яны нарадзіліся. Не раз пад іх разгалістымі кронамі знаходзілі сабе прытулак партызаны.

У вёску ўжо прыйшоў надвячорак, калі Кастусь пад’ехаў да варот дзядзькі Паўлюка і спыніўся. З хаты выбеглі Валодзька і Лёнька.

 – А ну, хлопцы, цягніце снапкі з воза! Ды скажыце дзядуні, няхай ён пакладзе іх у бочкі з вадою. А я прыду заўтра.

Кастусь павярнуў каня ад варот і для перасцярогі хутка пераехаў на другі бок вуліцы, бо вёска жыла ў трывожны час вайны. Яе запаланілі ўласаўцы, паліцаі, адзетыя ў чорнае, як гракі. У самым цэнтры вёскі яны збудавалі з цэглы, бярвенняў даўгачаснае ўмацаванне з куляметнымі дотамі. Але гэтая крэпасць з агароджай у 150 метраў даўжынёй не магла надзейна ахоўваць сон карнікаў.

…На золку дня з-за лесу, дзе пралягала чыгунка, пачуўся моцны выбух. Ускалыхнулася адстоенае за ноч паветра – і затрымцелі ў вокнах шыбы. Вёска абудзілася раптам. Кастусь, апранаючыся на хаду, выбег з дому, імкліва адкрыў веснічкі, перасёк вуліцу і ў момант апынуўся на суседскім двары. Тут ужо не спалі.

– Валодзька, дзядуня дзе? – здалёк спытаўся Кастусь у дванаццацігадовага хлопчыка.

– У сенцах. З тытунём возіцца, – і Валодзька замахнуўся пугай на Падласку, выганяючы яе на пашу. Кастусь кінуў яму ў дагонку некалькі слоў – для перадачы партызанам. Малы Валодзька таксама быў сувязным.

– Дзед Калінка, як справы? – вітаючыся за руку, бадзёра спытаў хлопец. – Чуў ранішнія грымоты ў небе?

– Чуў то чуў, але ж адкуль узяцца грому, калі блакіт над галавой? – спрабаваў пажартаваць дзед, ведаючы, хто заварыў немцам падобную кашу.

– Дзядуня, – перабіў яго Кастусь, – там, у лесе, ужо, мабыць, няма чаго хлопцам курыць. Не будзем марудзіць.

Ён лёгка ўскінуў на плячо мяшок гатовага тытуню і аднёс ў пуню. Мяшок прыкрыў ахапкам сена. “Убачаць злыдні – яшчэ забяруць, – падумаў. – Ды западозрыць што могуць”.

На падлозе ў сенцах была разаслана квяцістая дзяружка, а збоку стаялі вёдры і міскі з насечаным тытунём.

– Дзядуня, дай я павучуся, – Кастусь узяў з дзедавых рук рэшата з тытунёвай сечанкай і пачаў кружыць яго. Дробныя шматкі сечаных сцяблінак прасейваліся на подсцілку, а буйныя – адкідаліся ў цэбар. – Прыгожае ў цябе імя, дзед. Калінка, Каліннік – адкуль гэта?

– Бог яго ведае. Бацькі такое далі, ці ў царкве, – дзед зноў запрацаваў сталёвым секачом у цэбры, здрабняючы рэшткі тытунёвай саломкі.

Хоць і карпатлівая гэта работа – нарыхтоўка махорачнай крошкі, але дзед Каліннік выконваў яе адмыслова, па-майстэрску. Ён і сам сеяў, вырошчваў тытунь. Пажаўцелае лісце зрываў, нанізваў на суровую ільняную нітку і развешваў сушыць на гарышчы. Голыя сцябліны замочваў у бочцы, каб лягчэй было рэзаць іх на сячкарні. Нарэзаную саломку засыпаў у цэбар або карыта і сёк. Высушаную сечанку прасейваў – вось і махорка гатова. Дзед Каліннік мог доўга расказваць розныя гісторыі на тытунёвыя тэмы.

– Вось, глядзі, – звярнуўся ён да Кастуся, – звычайны тытунь, а калі да яго дабавіць рамонак пахучы або чабор лясны – зусім іншая справа, на ўсю акругу пах разальецца. Пры Польшчы тытунь забаранялі сеяць. За кожнае каліва давалі штраф у пяць злотых. У аднаго гаспадара, выпадкова ці не, нейкім чынам насеяўся тытунь каля самай падмуроўкі. Дык яму за гэта прыйшлося чуць не карову вывесці з хлява. Немцы, наадварот, дазваляюць сеяць гэтую культуру, але потым самы лепшы тытунь забіраюць…

Раптам недзе блізка пачуўся гул машын і матацыклаў. Вёску запоўнілі нямецкія салдаты і паліцаі. Унтэр-афіцэр, паліцай і двое салдат завярнулі ў двор да дзеда, астатнія пайшлі да суседзяў.

Унтэр пагардліва запытаў, паказваючы рукой на Кастуся:

–  Хто гэта?

– Канстанцін Бадак, сын Пятра Бадака, нашага служачага, пан афіцэр. Ён настаўнік, – растлумачыў паліцай, выконваючы ролю перакладчыка.

Афіцэр запатрабаваў дакументы ў астатніх.

Дзядзька Паўлюк і цётка Ліза пачалі шукаць картку, у якую былі занесены ўсе члены сям’і. А тая, як на бяду, дзесьці запрапасцілася.

Унтэр ужо гатовы быў аднесці іх да ліку партызан, як бог даў памяць цётцы Лізе. Яна паставіла табурэт у кутку кухні, узлезла на яго і працягнула руку ў шчыліну паміж столлю і бэлькай. Дастала невялікі скрутачак, падала немцам.

Афіцэр пільна праверыў па спісу ўсіх дарослых і выйшаў у сенцы, дзе гаспадарыў дзед Каліннік. Паліцай, які не адставаў ад унтэра ні на крок, падазрона запытаў у дзеда:

– Ты, старэча, куды столькі тытуню нарыхтаваў?

– На продаж. На кірмаш павязу. Ды і вяскоўцы купяць, за адно яйка – паўшклянкі тытуню. Глядзіш – кош яек пану і назбіраю, – дзед Каліннік падышоў да стала, адарваў невялікі кавалачак ад паперы, згарнуў яго ў латачок, насыпаў туды сечанкі і гасцінна працягнуў самакрутку унтэр- афіцэру.

Той з агідай адвярнуўся.

Тым часам на двары ў цёткі Марылі, што жыла па-суседску з дзедам, узняўся гвалт – нямецкі салдат, пагнаўшыся за курыцай, трапіў у яму, што засталася яшчэ з вясны ад бульбянога капца. Гвалтоўнік пачаў шумна пагражаць гаспадыні. На шчасце цёткі Марылі з’явіўся унтэр-афіцэр, які забраў сваіх падапечных для больш важных спраў. Фашыстаў непакоіла дыверсія на чыгунцы…

Вечарам Валодзька з Лёнькам, прыгнаўшы з пашы карову, прыбеглі да Кастуся з весткамі.

–  Былі два коннікі, мабыць, адзін з іх камандзір.

– Чаму ты лічыш, што гэта быў камандзір? – пацікавіўся Кастусь у Валодзькі.

–  Падпаясаны рамянём, шапка – з чырвонай стужкай. А боты хромавыя і закасаныя…

–  Ну, і далей што?

– Пыталіся, ці ёсць у вёсцы немцы, – уступіў у размову Лёнька. – Мы адказалі.

–  Добра! – Кастусь адправіў хлопчыкаў дамоў, а сам падышоў да маці. Тая сядзела каля стала і трымала ў руках фатакартку прыгожай дзяўчыны.

– Мама, гэта Ганка… Скончыцца вайна, адшукаю яе – і мы пажэнімся. Збудуем сабе не дом, а дварэц, – падзяліўся планамі сын.

На вачах у маці з’явіліся слёзы. Так хацелася шчасця роднаму дзіцяці.

А Кастусь ужо выбег з хаты. На вуліцы ён сустрэў айца Ануфрыя, які таксама падтрымліваў сувязь з партызанамі. Праз яго Кастусь перадаў камандзіру партызанскага атрада дзве весткі – што немцы збіраюцца рабіць засаду ў сувязі з узрывам на чыгунцы і што тытунь гатовы. Айцец непрыкметна схаваў запіску ў кішэню.

Пад раніцу ў ваколіцах вёскі завязалася перастрэлка. Партызаны зрабілі налёт на крэпасць, якая была аховай для зграі фашыстаў. Бой цягнуўся з паўгадзіны.

Па вуліцы ліха прамчаўся коннік з чырвонай стужкай на шапцы. Гэта быў Валодзькаў знаёмы – камандзір партызанскага атрада Вінаградаў. Ад яго не адставалі баявыя сябры. Адзін з іх на імгненне спыніў каня каля варот дзеда Калінніка, ускінуў мяшок тытуню на сядло і памчаўся далей.

…Сонца ўзнімалася ўсё вышэй і вышэй. На палянцы пад стромкімі соснамі партызаны абмяркоўвалі ход падзей і “смажылі” цыгары-самакруткі з тытунёвай сечанкі.

Монцік, І. Тытунёвая аперацыя : аб вызваленне Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў / І. Монцік // Наш край. — 1994. — 26 февраля. — С. 2.

Яндекс.Метрика