- Базы данных
- /
- База дадзеных – Ян...
- /
- Біяграфія Яна Чачота
Біяграфія Яна Чачота
Біяграфія Яна Чачота
У большасці еўрапейскіх краін захавалася са старажытных часоў святкаванне дня Святога Яна, прымеркаванае да летняга сонцастаяння. У нас яно больш вядомае пад назвай Купалле i па старым стылі мусіць адзначацца 24 чэрвеня. Менавіта ў гэты дзень у 1796 годзе прыйшоў на свет Ян Чачот, які, паводле жартаў крэўных, «абраў сабе імя сам», як i ягоны сябра Адам Міцкевіч, што нарадзіўся на два гады пазней, 24 снежня (дзень Адама i Евы па заходнім календары). Сімвалічны збег абставін потым адыграе сваю ролю ў станаўленні гэтых яскравых дзеячаў літаратуры, асветніцтва i нацыянальнага адраджэння.
Згодна з гіпотэзай даследчыкаў прозвішчаў, слова «Чачот» паходзіць ад назвы невялікай жвавай птушкі чачоткі, яно распаўсюджана сярод беларусаў яшчэ з перыяду паганства. Сапраўды, шляхетны род Чачотаў існаваў здаўна і на пэўным этапе існавання ён быў нават адзначаны фамільным гербам Астоя. Прадзед паэта, Філіп Чачот, які пражываў у Ашмянскім павеце, разам з жонкай Алёнай выгадаваў пяцёра дзяцей. Дзед — Ян Язэп Чачот, у сваю чаргу, меў чацвёра дзяцей. Яго старэйшы сын Тадэвуш, ажаніўшыся з Клавай Гаціскай, дачкой навагрудскага poтмістpa, стаў бацькам славутага філамата.
У якасці месца нараджэння паэта, які пасля другога хрышчэння займеў дадатковае імя Антоні, у літаратурных крыніцах пазначаецца вёска Малюшычы Навагрудскага павета, хоць, напрыклад, даследчык Анджэй Сыракомля-Булгак лічыць, што гэтая падзея магла адбыцца i ў Сэрвачы. Таксама бiёграфы згадваюць маёнтак Рэпіхава i фальварак Узногі Навамышскай парафіі, што пад Баранавічамі. Недзе там, ля берагоў paкі Мышанкі (прыток Шчары), праз 10 гадоў нарадзіўся другі сын Чачотаў — Пётр Павел, i, адпаведна, там праходзіла дзяцінства Яна Антонія Чачота. Не дзіўна, што псеўданім «Ян з Мышы» быў абраны Чачотам з нагоды даніны любаму мястэчку, якое ён з вялікай цеплынёй узгадваў у сваей баладзе «Мышанка»:
О, мілы успамін! Дарагая Мышанка!
Зноў снішся ты ў барве заранак.
Найпершая ў свеце мая ты каханка,
Мільгнуў тут жыцця майго ранак.
Мае ўсе тут гульні, блуканні, забавы,
Высочваў я рыбку тут днямі,
Траву нёс кароўкам, рваў кветкі, рухавы,
Тут «біўся» не раз з «казакамі.
Не знаю, дзе буду, памру дзе, не знаю,
Ды ўдзячны зямлі я, дзе вырас,
Я ў думках лячу зноў да роднага краю,
Здалёк мне відаць яго вырыс
Малому Яну часта даводзілася чуць ад маці казачныя расповеды пра дзеда-барадзеда, вядзьмарак ды іншых міфалагічных істот, як гэта звычайна рабілася ў сялянскіх сем’ях. Прыязнасць да фальклору натуральным чынам вынікала з дзяцінства: сям’я Чачотаў ніколі не адгароджвалася ад
незаможнага люду i Ян неадначасова бавіў час разам з простымі вяскоўцамі міжволі назапашваючы ў памяці скарбы вуснай народнай творчасці i традыцыйныя беларускія спевы. Будучы ўжо ў сталым узросце, ён, у прыватнасці, адносна твору пра маладога паночка пакінуў у зборніку
«Сялянскія песнi з-над Немана» такi каментар:
“Гэтай песенцы я навучыўся ад жняцоў у 1806 або 1807 годзе ў Баранавічах, у Навамышскай парафіі Навагрудскага павета, калі быў яшчэ хлопчыкам, i дагэтуль захоўваў яе ў сваёй памяці.”
У прадмове да гэтага ж зборніка (выдадзенага ў 1837 г.) аўтар адзначыў наступнае:
«Сяляне нашы — люд добры, лагодны, працавіты, пачцівы — павінны абуджаць у нас самыя прыхільныя да сябе пачуцці. 3 iмi можам быць шчаслівыя. За працу ix рук аддаючы iм працу розуму i нашай асветы, можам памножыць усеагульнае дабро. Не варта думаць, што ад ix нам няма чаму вучыцца. Многаму навучымся, вывучаючы ix становішча i нораў; знойдзем у ix паданні, казкі, легенды, i найбагацейшым будзе жніво песенак, якія дазваляюць спазнаць ix пяшчотныя, прыгожыя, нават далікатныя i глыбокія пачуцці… Kaлi уважліва будзем слухаць вясельныя, дажынкавыя, купальскія i
іншыя пecнi, дык не раз будзьма прыемна задаволеныя, i што важней — набудзем большае замілаванне да нашых добрых земляробаў».
Пазней, у вершы «Сярмяга» Чачот раскрытыкуе фанабэрыстасць i марнатраўства шляхты, адначасова выяўляючы пачуццё эмпатыі да сялян наступным чынам:
Сорам, пані, апранацца з гэтакай раскошай —
Муж хай лепей на сярмягі дасць сялянам грошай.
Пад уплывам вясковага асяроддзя гартаваўся характар будучага філамата, якому сябра Ігнат Дамейка (1802—1889) аднойчы даў такую характарыстыку:
«Жывы, чуллівы, вясёлы, кампанейскі просты, уражлівы, спагадлівы — сапраўдная сялянская натура».
Нарэшце, невыпадкова сябры-філаматы далі Яну мянушку «Ян з Мышы», якая яскрава паказвае на месца жыхарства яго сям’і і самога Яна. Даследчыкі звяртаюць увагу на тое, што зацікаўленасць да беларускай народнай творчасці ўзнікла ў Яна Чачота ў гады вучобы ў Дамініканскай школе ў Навагрудку, калі ён разам з Адамам Міцкевічам любілі слухаць народныя песні і паданні, са спагадай і лагодаю глядзелі на просты люд. Аднак ёсць падставы сцвярджаць, што гэтая зацікаўленасць узнікла крыху раней, а менавіта ў гады дзяцінства, якое ён правёў у мястэчку Новая Мыш. Гэтае мястэчка было буйнейшым паселішчам Навагрудскага павета, штотыдзень тут праводзіліся слынныя таргі, што збіралі вялікую колькасць вясковага люду. Цікавую заўвагу робіць сам Чачот да адной са жніўных песень, што была змешчана ў яго чацвёртым зборніку «Вясковыя песні з-над Немана і Дзвіны» (1844): «Гэтую песню завучыў у 1806 ці 1807 гг. у Баранавічах, у парафіі Мышскай, у Навагрудскім павеце, будучы яшчэ дзіцём і дасюль захаваў у памяці».
Першапачатковую адукацыю Ян Чачот атрымліваў або на занятках з хатнім настаўнікам, або ў парафіяльнай школе у Новай Мышы. Але пераломным момантам у ягоным жыцці стала навучанне ў Навагрудку.
На пачатку XIX стагоддзя Навагрудак быў галоўным цэнтрам культурнага i гаспадарчага жыцця заходнебеларускіх зямель, вядомых таксама пад назвай Чорная Русь. Нягледзячы на тое, што пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай горад страціў свае стратэгічнае значэнне, рэха славутай мінуўшчыны не пакідала яго. Руіны замка i гара Міндоўга, зялёныя пагоркi i містычнае возера Свіцязь на блізкай адлегласці — усё гэта, бясспрэчна, уздзейнічала на жыхароў, асабліва тых, хто ад прыроды быў адораны багатым уяўленнем.
У адрозненні ад страката-мадэрновай Вільні, жыццё ў Навагрудку выглядала больш запаволеным i нават правінцыйным: колькасць жыхароў не перавышала 8 тысяч, у склад гарадской забудовы ўваходзіла 609 драўляных дамоў i 21 камяніца, 9 грамадскіх будынкаў i палац, каля coтнi крамаў i дзве аптэкі. Вылучаўся Навагрудак рэлігійнай разнастайнасцю: апроч кляштараў, у горадзе дзейнічалі фарны, ieзуіцкi, францысканскі i дамініканскі касцёлы, а таксама два уніяцкіх храма, сінагога i мячэць.
Штогадова ў лістападзе адбываліся кірмашы, на якія збіраўся люд з ycix ваколіц; перыядычна арганізоўваліся баляванні i гастролі тэатраў з Bільнi i Варшавы.
Да таго ж, Навагрудак з’яўляўся лакальным асяродкам адукацыі i асветніцтва. Мясцовая гімназія, куратарам якой быў Калегіюм дамініканцаў, ладзіла заняткі ў шасцi класах са стpoгім раскладам i іспытамі ў кожным семестры. Менавіта там, падчас засваення неабходных ведаў у галіне мовазнаўства, арыфметыкі, гісторыі, фізікі ды іншых навук, Ян Чачот пазнаёміўся i пасябраваў з Адамам Міцкевічам, які быў на два гады малодшы за Яна. Сяброўства гэтае было кшталту «не разлей вада» i захоўвалася на працягу ўсяго жыцця. Ix агульны таварыш i паплечнік, Ігнат Дамейка, ва ўспамінах сведчыў:
«Чачот быў з дзяцінства паэтам, як Адам, але хоць яны i былі звязаныя нібыта адзінай душой, ды разам з тым адрозніваліся вонкава, характарам, або, як кажуць, тэмпераментам. Адам заўсёды вылучаўся спрытнасцю i незвычайным дарам прыцягнення да сябе не толькі равеснікаў, але i асоб старэйшых, больш дасведчаных. Ягоны таварыш са школьнай лавы, Чачот, магчыма, адзіны, каму дазвалялася ўшчуваць, стрымліваць i суцяшаць Адама, быў нават з выгляду значна больш лагодны. Нізкi, з акруглым тварам, адначасова памяркоўны да ўcix i патрабавальны да сябе i Адама, ён здаваўся ўвасабленнем чуллівасці i любові да бліжняга».
Паяднаныя агульнымі заняткамі i забавамі любоўю да паэзіі i цікавасцю да гісторыi, Чачот i Міцкевіч былі не толькі сябрамі але i аднадумцамі. Шчыльныя стасункі двух прыяцеляў, безумоўна, узбагачалі абодвух: Міцкевіч у значнай ступені дзякуючы Чачоту звернецца ў свaix творах да фальклорнай тэматыкі, a aпошнi будзе атрымліваць ад сябра карысныя парады i шчодрыя заахвочванні. Разам з тым, розніца тэмпераментаў вызначыла адрозненні ў кірункax ix творчай самарэалізацыі — паводле словаў Дамейкі, «Адам хутка ўзнёсся да высокай сферы свaix цудоўных твораў. Ян жа да смерці застаўся верны народнай паэзii…».
Час ляцеў імкліва i вясёлыя юнацкія дні хутка змяніліся непазбежнай неабходнасцю вырашэння далейшага жыццёвага лесу, які скipaваў памкненні сябрукоў у Віленскі універсітэт. У пранікнёным вершы «Развітанне з Навагрудкам» Чачот пішa:
Я сам сабой распараджацца сёння вольны,
Не страшны мне маралі нічые.
Магу прабегчы з крыкам калідорам школьным,
Гуляць, кахаць — часы цяпер мае.
Бывайце ж вы, лугоў мaix зялёных далі,
Бывай, празрыстай Беразянкі плынь,
Дзе часта мы, вясёлыя, нырца давалі,
Палохалі ў вадзе зямных багінь.
У 1815 годзе, развітаўшыся часова з Наваградкам, Ян Чачот і Адам Міцкевіч скіравалі ў Вільню – шукаць сваю долю. Не здолеўшы трапіць у лік «казеннакоштных» студэнтаў Віленскага універсітэта, як гэта ўдалося Адаму Міцкевічу, Ян Чачот мусіў шукаць нейкую працу. Спачатку меў невялікі заробак за паслугі віленскім адвакатам, а потым знайшоў пасаду пісара, альбо «пішчыка», як ён сам сябе называў, у Масе радзівілаўскай – створанай царом Аляксандрам і спецыяльнай камісіі для разбору архіваў нясвіжскіх Радзівілаў пасля смерці апошняга іх нашчадка Дамініка Радзівіла.
У абавязкі маладога стажора ўваходзіла падрыхтоўка разнастайнай дакументацыі, удзел у заключэннні кантрактаў, дзеля чаго Чачоту неаднаразова прыходзілася выязджаць у Мінск, Навагрудак, Варшаву i іншыя гарады. Прафесійнаму ўдасканаленню садзейнічала i вывучэнне Статута Вялікага Княства Літоўскага, які Чачот амаль паўсюдна насіў з сабой. Толькі праз год мара стаць студэнтам здзейснілася i Ян паступіў на факультэт маральных i палітычных навук Віленскага ўніверсітэта.
Пра своеасаблівую тамтэйшую атмасферу студэнцкага жыцця ўзгадваў у cвaix нататках вядомы паэт, сябра Міцкевіча i Чачота, Тамаш Зан (1796— 1855):
«Дух таварыскасці распаўсюдзіўся неймаверна — падбіраліся элементы ўзаемапрыцягальныя. Нідзе не было ані мэты, ані плану; нейкая дзіўная патрэба i выпадак злучалі ix у супольнасці больш-менш трывалыя i цесныя…».
А мемуарыстка Альбіна Габрыэля Пузыніна (1815— 1869) згадвала Вільню ў cвaix нататках наступным чынам:
«Моладзь не толькі з усёй Літвы, але i адусюль, дзе толькі размаўлялі па-польску, зляталася на гэты агонь не для таго, каб у ім згарэць, а каб далучыцца самому i ў 6удучыні — у сваю чаргу — далучыць іншых да асветы…».
Настрой тагачаснага перыяду жыцця яскрава праілюстраваны ў чачотавым вершы «Заспяваем…»:
Хай сябры жывуць вясёла,
Ёсць яны — ты нібы ў раі.
А без ix жыццё наўкола
Стала б проста пеклам, знаю.
Хай жывуць між нас паэты.
Як яны нас акрыляюць!
Над згрызотамі, над светам
Дух наш горды ўзнімаюць.
Доўга келixi мы студзім!
Прывітаем жа чын чынам
Вас ycix навокал, людзі,
Бо ўсе людзi — ёсць браты нам.
Перыяд навучання Чачота i ягоных паплечнікаў у Віленскім універсітэце адпавядаў этапу станаўлення рамантычнага светаўспрымання на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага. Мясцовай адметнасцю з’яўляецца тое, што росквіт рамантычных тэндэнцый у беларускай культуры пачаўся ў сярэдзіне XIX стагоддзя, у той час, калі ў Заходняй Еўропе ўжо панаваў мадэрнізм. Але гэта нi ў якім разе нельга лічыць за «адсталасць» нашага краю ад агульнаеўрапейсіх сацыякультурных працэсаў, наадварот — айчынныя творцы ў пэўным сэнсе даўжэй супрацьстаялі зруйнаванню былой ідэйнай парадыгмы, замацаванай на прыярытэце творчай свабоды, спалучанай з традыцыйнымі нацыянальнымі каштоўнасцямі.
Варта адзначыць, што адным з вытокаў рамантызму на тагачасных беларускіх землях, як i ў шэрагу іншых еўрапейскіх кpaiн, у прыватнасці, у Польшчы, Украіне, Італii, Грэцыі, быў нацыянальна-вызваленчы рух, а таксама інтэнсіўныя працэсы рэгіянальнай самаідэнтыфікацыі. Яны перадвызначылі сацыяльную i нацыянальную заангажаванасць тутэйшай культуры, яе насычанасць адраджэнскімі ідэямі, спрыялі ўсталяванню прыярытэту грамадзянскіх каштоўнасцяў свабоды i роўнасці, фарміравалі этнічна свядомы тып асобы. Адначасова паглыблялася цікавасць да ўнутранага свету чалавека.
3 культам узнёслых жарсцяў, высокіх ідэалаў рамантызм замацоўваў неабходны для далейшага развіцця i ўзбагачэння нацыянальнага мастацтва слова разрыў з бурлескнай традыцыяй. Гэты канцэптуальны момант «аптымістычнага адчування гістарычнай i духоўнай паўнацэннасці беларуса» (паводле Г. Праневіча) у айчыннай літаратуры спрыяў пашырэнню яе ідэйнаэстэтычных даляглядаў, выхаду за межы побытавай апісальнасці, вызваленню ад аднастайнасці i спрошчанасці. Рамантычна iмклiвaя i ўзнёслая змястоўнасць эпoxi садзейнічала фарміраванню грамадскаактыўнай, культурна развітой асобы з моцным адчуваннем нацыянальнай годнасці, веданнем свaix сацыяльных i палітычных правоў.
Рамантызацыя мыслення на Беларусі адбывалася як арганічны i вельмі паслядоўны, у пэўнай ступенi ментальна абумоўлены рух мастацкай свядомасці да хараства i гармоніі, кірунак эмоцый i пачуццяў у сферу ўзвышана-сакральнага i інтымнага ўнутранага свету. Гэты працэс яднаўся з задачамі патрыятычнага зместу — сцвярджэння, узвелічэння i сакралізацыі нацыянальнага быцця, адкрыцця свету новага тыпу ўзвышанай i незалежнай асобы. Надзвычай важную ролю тут адыграла дзейнасць Таварыства філаматаў у Вільні.
У перакладзе з грэчаскай мовы «філамат» — гэта чалавек, які імкнецца да ведаў. Зварот да Антычнасці не выпадковы — дасягненнямі гэтай бліскучай эпoxi сілкавалася не адно пакаленне асветнікаў i паэтаў.
Заўважым, што пачатак XIX стагоддзя на белаpycкix землях вылучаўся сацыяльнай напружанасцю, справакаванай далучэннем усходняй часткі былой Рэчы Паспалітай да Расійскай Імперыі, недарэмна празванай «турмой народаў». У адказ на прыгнятальную палітыку царызму сярод прадстаўнікоў мясцовай шляхты ўзмацняўся пратэстны настрой, а эфектыўнай формай аб’яднання інтэлектуалаў i вольнадумцаў было стварэнне разнастайных таемных таварыстваў.
Вядома, такія суполкі звычайна пераважалі сярод адукаванай моладзі, а большасць яе гуртавалася ў Віленскім універсітэце, дзе пасля ўзнікнення Таварыства філаматаў (аматараў навукі) паўсталі: Таварыства сяброў карыснай забавы або «Прамяністыя», Таварыства філарэтаў або Навуковае таварыства. Зрэшты, апошнія аб’яднанні фактычна былі філамацкімі філіяламі, бо погляды i памкненні ў маладзёжных актывістаў былі вельмі падобныя.
Калі ў 1817 годзе ўтварылася тайная арганізацыя студэнтаў Віленскага ўніверсітэта Таварыства філаматаў (аматараў навук), Ян Чачот, не задумваючыся, уступае ў гэтае згуртаванне, каб прыняць у iм самы актыўны ўдзел. Разам з Тамашом Занам, Адамам Міцкевічам, Юзафам Яжоўскім, Ануфрыем Петрашкевічам, Францішкам Малеўскім, Міхалам Рукевічам, Юзафам Кавалеўскім, Ігнатам Дамейкам i іншымі сябрамі-філаматамі ён paбiў усё, каб аб’яднаць беларускую моладзь для актыўнай грамадскай дзейнасці. Чачот надзвычай актыўна выступаў на філамацкіх пасяджэннях са cваімi творамі, з разглядам творчасці сяброў, з навуковымі паведамленнямі, paбiў агляды варшаўскага друку. Аб грунтоўнасці i сур’ёзнасці яго выступленняў сведчыць хаця б прачытаная на адным з такіх пасяджэнняў рэцэнзія на баладу Адама Міцкевіча «Курганок Марылі». Але больш за ўсё любілі філаматы Яна Чачота за яго вясёлыя i смелыя песні i вершы, якія ён пicaў да ўcix сходак i вечарынак філамацкай сям’і. Ян Чачот быў як бы штатным «песняром», ці «дударом» згуртавання. Прычым, як падкрэслівае «Польскі слоўнік біяграфічны», «спецыяльнасцю яго былі беларускія пecні, якія ён складаў да падзей дня на ўзор народных песень».
Паколькі розныя згуртаванні, тым больш тайныя, строга забараняліся, філаматы былі вельмі асцярожнымі ў падборы новых сяброў. Выбіраліся толькі надзейныя i здатныя да навуковай дзейнасці i літаратурнай творчасці студэнты. Таму Таварыства філаматаў было нешматлікай арганізацыяй. За ўвесь час свайго існавання ў яго ўваходзіла толькі дзевятнаццаць чалавек. Але гэта было па сутнасці толькі ядро больш шырокай арганізацыі моладзі. Філаматы iмкнyліся пашырыць свой уплыў на ўсю моладзь акругі Віленскага ўніверсітэта — гэта значыць Беларусі, Літвы i часткова Украіны. Таму яны шмат намаганняў прыкладалі для стварэння больш прадстаўнічых арганізацый. Першы iмi быў створаны Саюз сяброў, у які за адзін год увайшло 30 студэнтаў. У 1820 годзе намаганнямі Тамаша Зана было арганізавана Таварыства прамяністых, якое пасля было ператворана ў тайнае Таварыства філарэтаў (прыхільнікаў маральнай чысціні), якое падзялялася на чатыры аддзелы — фізіка-матэматычны (ён падзяляўся на саюзы — Малінавы, Ружовы, Зялёны), юрыдычны (саюзы — Белы, Ліловы), літаратурны (Блакітны саюз) i медыцынскі (Цёмна-ciнi саюз). Ян Чачот узначаліў літаратурны аддзел. Ён вельмі актыўна ўзяўся за згуртаванне мясцовых творчых сілаў, за выхаванне літаратурнай моладзі, з вялікай патрабавальнасцю ставячыся да яе творчасці, за што маладыя літаратары жартам празвалі яго Ментарам.
Кажучы пра філамацкі перыяд Чачотавай біяграфіі, нельга не адзначыць i яго дзейнасць як выдаўца i рэдактара твораў Адама Міцкевіча. Якраз Чачоту — як сябру i выдатнаму паэту — даручыў Міцкевіч выдаць у Вільні зборнік сваей паэзіі. Сам ён у гэты час настаўнічаў у Коўне i не заўсёды мог адтуль прыехаць. Ян Чачот, нягледзячы на вялікую загружанасць, з усёй адказнасцю ўзяўся за працу. Ён быў i рэдактарам, i карэктарам Міцкевічавай кнігi. Аўтар быў пастаўлены ў жорсткія тэрміны, таму спяшаўся дапісваць сваю кнігy. Ён сам адчуваў, што ў творах не усё ладна, але тут ён поўнасцю пакладаўся на паэтычны густ свайго рэдактара, якому даручаў папраўляць дзе трэба тэкст. Чачот уважліва чытаў прысланыя з Коўна творы сябра, paбiў у ix неабходныя праўкі. 3 некаторымі аўтар не мог згадзіцца, некаторыя ж з удзячнасцю прыняў. 3 гэтымі Чачотавымі папраўкамі мы i сённы чытаем асобныя творы вялікага Адама Міцкевіча.
Увогуле Таварыства філаматаў — была праўдзівая сям’я пабрацімаў, надзіва моцная i дружная. Узаемная дапамога ў вучобе, у побыце была звычайнай нормай у стасунках філаматаў.
У 1823 годзе было выкрыта царскімі ўладамі Таварыства філарэтаў, а ўслед за iм i Таварыства філаматаў. Для высвятлення ступeнi вінаватасці яго сяброў, маштабу дзейнасці згуртаванняў моладзі, ў Вільню быў пасланы сенатар Навасільцаў. Яго загадам каля 100 філарэтаў i філаматаў было кінyтa ў халодныя сцены розных віленскіх кляштараў, ператвораных у турму. Аж да красавіка 1824 года вялося следства. 3 яго сканчэннем зняволеных выпусцілі. Апрача чатырох — Тамаша Зана, Яна Чачота, Адама Сузіна i Яна Янкоўскага. Для вынясення прысуду цар Аляксандр I стварыў спецыяльны камітэт, у які ўвайшлі сенатар Мікалай Навасільцаў, міністр асветы Аляксандр Шышкоў i генерал Аляксей Аракчэеў. Згодна з прысудам, які быў зацверджаны царом, дзесяць філаматаў i дзесяць філарэтаў высылаліся ў «аддаленыя губерні» Pacii. Адам Міцкевіч, Юзаф Яжоўскі, Францішак Малеўскі i іншыя філаматы i філарэты былі вывезены ў Пецярбург. Самы суровы прысуд вынеслі тром найбольш актыўным удзельнікам згуртаванняў моладзі— Тамашу Зану, Яну Чачоту i Адаму Сузіну, якіх высылалі аж на Урал, дзе яны павінны былі яшчэ адсядзець у «крэпасці»: Зан — год, Чачот i Сузін — па паўгода. Ян Чачот трапіў у крэпасць Kiзiл. Адтуль, пасля адсідкі, яго перавялі ва Уфу. У 1830 годзе ён змог пераехаць у Маскву, а праз чатыры месяцы — у Цвер, пасля — у Таржок. У 1833 годзе яму дазволілі — пад нагляд паліцыі — вярнуцца ў Беларусь, у Лепель, дзе ён уладкаваўся на службу ў дырэкцыі Бярэзінскага канала. У Лепелі Ян Чачот заняўся зборам народных песень, якія потым увайшлі ў яго зборнікі. Толькі ў 1839 годзе «государь император высочайше повелеть соизволил», як гаворыцца у цыркуляры, адпусціць Яна Чачота дамоў, на Наваградчыну, i зняць з яго паліцэйскі нагляд. Яна Чачота, здароўе якога было падарвана за гады зняволення i ссылкі, узяў на пасаду бібліятэкара былы апякун філаматаў ліберальны граф Храптовіч, які валодаў адной з найбагацейшых у Еўропе бібліятэк, што знаходзіліся ў яго маёнтку ў Шчорсах. Пасля смерці гаспадара ў 1844 годзе Чачот жыў у cвaix сяброў на Наваградчыне — у вёсках Бортнікі, Вольная i Далматаўшчына, займаўся выданнем зборнікаў беларускага фальклору.
Пасля цяжкая хвароба прывяла яго у Друскенікі, «на воды». Але, на жаль, лячэнне не дало чаканага выніку, і 23 жніўня 1847 года Яна Чачота не стала. Пахавалі яго ў блізкай ад Друскенікаў вёсцы Ротніца, на парафіяльным цвінтары. Адам Міцкевіч, са спазненнем даведаўшыся пра смерць свайго сябра, з болем у сэрцы пicaў 26 чэрвеня 1853 года Ігнату Дамейку з Парыжа ў Чылі: «Дарагі Ігнат, вось што-кольвек пра нашых былых сяброў i мінулыя часы. 3 двух канцоў зямлі, якія аддалілі нас адзін ад аднаго, мы бачым па-рознаму цяперашнія часы, у мінулым жа мы сустракаемся па-ранейшаму. Не ведаю, цi вядома табе, што ад нас пайшоў твой ранейшы таварыш, а мой стары друг (з першага класа) Ян Чачот. Дзень яго смерці нам не вядомы. Мы даведаліся толькі, што ён памёр. Прыблізна ў той час, калі ён памёр, мне ўсё снілася пра яго адно i тое ж: што ён прыехаў у Парыж, а я з-за нейкіх перашкод не магу з iм пабачыцца. Гэта мучыла мяне ў сне, i я прачынаўся сумны.
Мне доўга не хацелася верыць весткам пра яго смерць, якія ў нас так цяжка праверыць. Цяпер я ведаю пэўна, што ён памёр. Доўгія гады i многія ўспаміны звязвалі мяне з iм. Перад смерцю ён выдаў беларускія пecнi, i яны там мелі вялікую прыхільнасць…»
Праз дзесяць гадоў пасля смepцi Яна Чачота сябры паставілі на яго магіле годны помнік, на якім i сёння можна прачытаць словы верша Антонія Эдварда Адынца, маладзейшага сябра паэта:
Сваю маладосць ён аддаў для навукі i Цноты,
За век свой ён зведаў i холад, i змрок сутарэння.
Спагада да бліжніх — вось існасць ягонай істоты,
Цяжкое жыццё яго ўсё — гэта шлях да збавення.
Імя яго будзе ў краіне навекі звязана
3 Адамам Міцкевічам, з іменем Томаша Зана.
Хто ведаў яго — перад каменем гэтым схіліся,
Пастой, памаўчы i за ўcix за тpaix памаліся.
Спіс выкарыстанай літаратуры:
Дубейка, В. М. На беразе Мышанкі / В. М. Дубейка. – Мінск: Чатыры чвэрці, 2018. – 288 с.: іл.
Фальклор у запісах Яна Чачота і братоў Тышкевічаў / НАН Беларусі, ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы; уклад., сістэматызацыя тэкстаў і камент. В .І. Скідана, А .С. Ліс. – 2-е выд. – Мінск: Бел. навука, 2005. – 330 с.
Філаматы і філарэты: зборнік / Укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі К. Цвіркі. – Мінск: Беларускі кнігазбор, 1998. – 400 с.
Чачот, Я. Выбраныя творы / Ян Чачот; Уклад., пер. з польскага, прадм. і камент. К. Цвіркі. – Мінск: МФ “Беларускі кнігазбор”, 1996. – 374 с.
Чачот, Я. Наваградскі замак / Ян Чачот. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1989. – 328 с.
Шумская, І. Ян Чачот. Руплівы філамат / Ірына Шумская. – Мінск: Харвест, 2013. – 64 с.