9. Месца пахавання польскіх грамадзян, па-зверску закатаваных у Калдычэўскім лагеры смерці

З мая 1942 г. Галоўнае ўпраўленне бяспекі Трэцяга рэйха пачынае польскую акцыю “Polenaktion”. Гэта была рэпрэсіўная акцыя, накіраваная на “чыстку” адміністрацыі ад асоб польскай нацыянальнасці, якія падазраваліся ў сувязях з польскім рухам супраціўлення. Яна прадугледжвала фізічнае знішчэнне і гвалт. Пры гэтым нярэдка ахвярамі тэрору станавіліся людзі ніяк не звязаныя з падполлем.

У ліпені-верасні 1942 г.у Калдычэва былі дастаўлены арыштаваныя падчас правядзення першай фазы “польскай акцыі” прадстаўнікі польскай інтэлігенцыі з Клецка, Слоніма, Стоўбцаў, Ганцавічаў і інш. населеных пунктаў. Яны былі ізаляваныя ад астатняй масы зняволеных.

Пасля таго як у канцы 1943 г. паміж Баранавіцкім СД і кіраўніцтвам атрада Арміі Краёвай, які дзейнічаў на гэтай тэрыторыі, была дасягнутая дамоўленасць аб супрацоўніцтве ў барацьбе з савецкім падполлем і партызанамі, арышты палякаў набылі меншы маштаб, але не спыніліся. Так, да прыкладу, у маі-чэрвені 1944 г. 57-м паліцэйскім батальёнам у Гарадзішчы было арыштавана каля 150 палякаў. Усе яны былі накіраваны ў Калдычаўскі лагер і знішчаны.

Яндекс.Метрика