Грыцаўцы
Алесь Ягадніцкі
Невясёлы быў час…
Напаўзалі чорныя хмары
другой сусветнай вайны.
Першыя маланкі апалілі
іспанскія пагоркі і
мангольскія стэпы, палілася
кроў нявінных людзей.
НАШ ЗЯМЛЯК з вёскі Бараўцы – лётчык-знішчальнік Сяргей Грыцавец – па клічу сэрца і сумлення стаў у рады змагароў з ваеннай навалай. Ён збіў 42 варожыя самалёты (у Іспаніі – 30, у Манголіі – 12) і стаў найлепшым у свеце асам 30-х гадоў. За гэтыя подзвігі ён першым атрымаў званне двойчы Героя Савецкага Саюза. Імя слаўнага сына беларускага народа ўвекавечана назвамі чыгуначнай станцыі на лініі Масква-Брэст, вуліц у Мінску, Оршы, Санкт-Пецярбургу і ў нашым горадзе. Бронзавыя бюсты героя стаяць у Мінску, Баранавічах і пасёлку Балбасава каля Оршы, на аэрадроме якога 16 верасня 1939 года ён трагічна загінуў. Непрыкметна з імгненняў сплятаюцца гады, і вось ужо ўдзячныя землякі – патрыёты роднага краю з сумам сустрэлі гэтую дату ў 72-гі раз.
Задумка прысвяціць гэтыя радкі нашаму знакамітаму земляку ўзнікла ў мяне пасля невялікага апытання прахожых на вуліцы Грыцаўца. На жаль, многія маладыя людзі не ведаюць нават, хто гэта?!
Я сустрэўся з трыма стрыечнымі пляменнікамі Сяргея Іванавіча Грыцаўца: Надзеяй Аляксееўнай, Андрэем Канстанцінавічам і Міхаілам Аляксандравічам.
– Надзея Аляксееўна, – звярнуўся я – як ваша “я” успрымае гэтае прозвішча?
– О, я вельмі ганаруся тым, што нашу адметнае, авеянае душэўнасцю і працавітасцю продкаў, прозвішча, якое пасля подзвігаў дзядзькі Сяргея стала вядома ўсяму свету. Калісьці вёска Бараўцы трымалася на Грыцаўцах, Пятрушках і Карнеях, але цяпер настала іншая пара: многія людзі раз’ехаліся. Памяць жа пра дзядзьку Сяргея – святая! Пра яго мы ведаем з кніжак, публікацый, і, у асноўным, ад яго дачкі Ларысы Сяргееўны Архангельскай, якая жыве ў Маскве.
– Раскажыце, калі ласка, трошкі аб сабе.
– Ну, што тут казаць? Дзяцінства маё прайшло на берагах Мышанкі сярод садоў і палеткаў: звычайнае, сялянскае, з вечным жаданнем паспаць ранкам хоць яшчэ адну хвілінку. Закончыла школу, а потым, у 1956 годзе – акушэрскае аддзяленне Баранавіцкага медвучылішча. Увесь час працую на адным месцы: нашым радзільным доме. Мая дзіцячая мара збылася: я мела дачыненне да самага светлага моманту ў жыцці чалавека – яго нараджэння. Праз мае рукі прайшлі тысячы немаўлят!
Любоў да неба дзядзькі Сяргея падхапілі некаторыя нашыя родныя. Яго брат Георгій таксама быў лётчыкам. Мой брат Аляксандр Аляксеевіч – падпалкоўнік авіяцыі, усё жыццё праслужыў на касмадроме Байканур. Ды і сама дачка Сяргея Грыцаўца Ларыса і зяць Вячаслаў закончылі Маскоўскі авіяцыйны інстытут і працавалі ў касмічнай галіне.
– А як вы ацэньваеце жыццёвыя ідэалы: свае і тыя, да якіх імкнуўся калісьці Сяргей Грыцавец?
– Ведаеце, ідэалы ў нас аднолькавыя – служэнне роднаму народу. Толькі тады было больш адданасці і адказнасці, а цяпер, на жаль, стала больш чэрствасці ў сэрцах людзей. Іх захлёстваюць грашовыя хвалі! Мяне асабіста абражае, напрыклад, пазіцыя людзей, што дазволілі, каб імя Сяргея Іванавіча Грыцаўца непрыкметна знікла з назвы Баранавіцкай швейнай фабрыкі. Гэта ж быў не нейкі носьбіт партыйнага псеўданіма, а просты хлопец, слаўны сын беларускага народа. Нават і ў Маскве знікла вуліца яго імя, затое з’явіўся Вялікі Знаменскі завулак. Я збіраюся высока падняць гэтае пытанне. Дарэчы, адна мая цётка ў 50-х гадах дайшла аж да самога Шверніка – старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, каб вырашіць асабістае пытанне! Да 100-годдзя з дня нараджэння Сяргея Іванавіча я прыкладна так жа дабілася добраўпарадкавання пад’езда да Бараўцоў.
З Андрэем Грыцаўцом я сустрэўся ля вясковаў хаты, у якой 23 чэрвеня 1909 года нарадзіўся будучы герой. Яму таксама ўжо за 70 пераваліла. Юнаком марыў аб вельмі патрэбнай людзям прафесіі будаўніка. Закончыў Беларускі палітэхнічны інстытут і атрымаў дыплом інжынера. Аддана і сумленна працаваў у Баранавіцкім мастабудаўнічым упраўленні, а затым – на камбінаце сянажных вежаў.
– Цяпер вось даглядаю хату дзеда Івана, – працягвае ён, – падтрымліваю і гаспадарку ў больш-менш прыглядным выглядзе. Наведваюцца часам піянеры са школ, ды і турысты заглядаюць. Вось я і расказваю ім пра шустрага бялявага Сярожку, завадатара ўсіх хлапечых гульняў. Добра памятаю дзядулю і маіх дзядзькоў. У1915 годзе ўся сям’я, а было ж у іх шасцёра дзяцей, выехала ў Расію, каб уратавацца ад нямецкіх гвалтаў. Там двое хлопцаў памерлі, ды і маці Ганна Фамінічна ў 1921 годзе таксама. Двое сыноў Сяргей і Георгій засталіся ў Расіі, а бацька іх, Іван Антонавіч, вярнуўся з астатнімі на радзіму. Цяпер яны ўсе ляжаць на могілках у Звёздным.
На пафарбаванай сцяне невялічкай сялянскай хаты між белых аканіцаў бачыцца мемарыяльная дошка. У двары – чыстата і парадак. Заходжу ў хату і здзіўляюся, як тут маглі размяшчацца дзесяць чалавек?! Незабыўным дзяцінствам дыхнуў на мяне няхітры сялянскі інтэр’ер з абразам пад белым ручніком у чырвоным кутку, гаспадыняй хаты – белай печчу і высокімі палацямі – скарбонкай дзіцячых сноў.
Міхаіла Грыцаўца я сустрэў як добрага знаёмага. Ды і хто ж не ведае ў нашым горадзе былога галоўнага ўрача стаматалагічнай паліклінікі? Высокі, статны, з блакітнымі вачыма і ветлай усмешкай, ён меў няўлоўнае падабенства да свайго знакамітага дзядзькі.
– Міхаіл Аляксандравіч, калі ўзнёсласць самай гуманнай у свеце прафесіі падхапіла вас?
– Я капісьці ў дзяцінстве падгледзеў, як працуе бор-машына ў руках доктара, і на ўсё жыццё захварэў жаданнем навучыцца ёй кіраваць. Пасля школы ў 1962 годзе я скончыў Мінскае зубаўрачэбнае вучылішча. Працаваў у вёсцы Палонка нашага раёна. Потым былі танкавыя войскі ў горадзе Гродна. Мінскі медычны інстытут я скончыў у 1970 годзе і дагэтуль працую у Баранавічах. Заўсёды радуюся пры развітанні з чарговым пацыентам, які ў люстэрку палюбаваўся сваёй белазубай усмешкай.
Як адчуваю роднасць з Сяргеем Іванавічам? Па-першае, аб гэтым напамінае голас крыві, па-другое, ёсць жаданне жыць па тых законах душы, якімі кіраваўся дзядзька.
– А ці не хацелася вам, калі вы ўжо добра ўсвядомілі, хто ён, паследаваць яго прыкладу?
– Вы ведаеце, не! У нашай радзіне былі і ёсць яго паслядоўнікі. Малодшы брат, Георгій Іванавіч, таксама палюбіў неба і стаў лётчыкам-бамбардзіроўшчыкам. Калі летам 1941 года немцы напалі на СССР, то савецкія самалёты з аэрадромаў Прыбалтыкі пачалі рабіць налёты на Берлін. Ён таксама ўдзельнічаў у тых бамбёжках. За подзвігі ў варожым небе быў прадстаўлены да Зоркі Героя. Але аднойчы яго самалёт быў збіты над Балтыкай, потым папаўзлі чуткі, што Георгія хтосьці бачыў жывым у Лондане, і матэрыялы аб прадстаўленні на ўзнагароду былі скасаваны.
– Можа, перадаецца па вашых родных штосьці такое, чаго не знойдзеш ні ў адной кнізе пра героя?
– Дык мне ж самому, – ажывіўся мой субяседнік, – пашанцавала пачуць такое! Аднаго разу на семінары ў Ленінградзе пасівелы палкоўнік медслужбы, пачуўшы маё прозвішча, пацікавіўся, ці я маю якое-небудзь дачыненне да двойчы Героя? Я адказаў, што гэта мой дзядзька. Той адразу ж запрасіў мяне ў госці. Аказалася, што ён служыў у Манголіі начальнікам шпіталя. Калі пачаліся баі на Халхін-Голе, дык японскія самалёты цэлымі днямі бамбілі шпіталь. Схавацца ў голым стэпе няма дзе, а ў акопе аперацыю не зробіш. I так працягваліся дні і ночы, а нашых самалётаў – ніводнага не відаць. Нарэшце аднойчы з-за хмараў выскачыла эскадрылля нашых «ястрабкоў»! Як жа яна пачала хвастаць і калашмаціць японцаў! Адзін за адным нахабныя сцярвятнікі ўразаліся ў зямлю. Праз пару дзён пасля жорсткіх страт японцы ў небе больш не з’яўляліся. Калі побач абсталяваўся аэрадром, ён часта сустракаўся з Сяргеем Грыцаўцом – камандзірам той увішнай эскадрыллі «іспанцаў». Самы адчайны і вясёлы быў хлопец! – паўтараў ён.
– А яшчэ, – працягвае Міхаіл Грыцавец, – сам дзядзька Сяргей расказваў дамашнім пра тое, што ён перажыў пры выратаванні ад японскага палону камандзіра авіяпалка маёра Забалуева. Калі садзіўся пасярод японскай пяхоты – не думаў ні аб чым, акрамя лёсу таварыша, а калі падхапіў яго ў кабіну, дык у галаве запульсавала ўжо другое: толькі б не трапіць колам у нару табаргана, якіх ў стэпе было безліч. Тады – ганьба палону і, што самае страшнае, лагерныя здзекі над яго раднёй! “Жучкі” з асобага аддзела” адразу ж прышылі б яму кляймо здрадніка, які сам сеў, каб здацца. Хто ж паверыў бы тады ў яго добрыя намеры?
– Так, час тады быў гераічны, але і непросты! – згадзіўся я. – Шкада вось, што Сяргей Іванавіч так рана загінуў. Было ж яму ўсяго трыццаць гадоў. Колькі нямецкіх бамбавозаў увагнаў бы ён у зямлю падчас Вялікай Айчыннай вайны! Колькі б нашых людзей дачакаліся тады перамогі!
– Паказальна, – дадаў Міхаіл Аляксандравіч, – што магілу дзядзькі Сяргея ў Балбасаве немцы не кранулі! Сам Герман Герынг – галава люфтваффэ – сабраў ля яе сваіх асаў і паставіў ім у прыклад яго адчайную храбрасць і ўменне…
Восьмага верасня мы ўсе разам наведалі магілу бацькі героя – Івана Антонавіча Грыцаўца. Дамовіліся сустрэцца 16 верасня ля помніка герою ў Баранавічах. Дарэчы, па Указу Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР гэты помнік павінны былі ўстанавіць у вёсцы Бараўцы, але па просьбе яе жыхароў ён быў устаноўлены ў цэнтры нашага горада.
Бараўцоўскі павеў
Па грудку сеюць квецень тры дзічкі,
Упялёстках – былога сляды,
Тут – Сярожкі слядок невялічкі,
Тут лунае яго першы ўздых.
Побач мкнецца Мышанка ды Шчары,
3 Бараўцоў майскі водар плыве.
Як тады, маладзік пасвіць мары,
Як тады, салавейка пяе.
Тут хлапчук ад зямлі браў смак хлеба,
Моцы, спрыту, адвагі раствор;
На Ўрале ж знайшоў ключ ад неба
І адкрыў яго сіні прастор.
Гартаваў там магутныя крылы…
Калі ж подзвігаў час падступіў,
Першы ас наш здзівіў свет панылы –
Сорак два самалёты падбіў!..
Наша памяць не спіць пад карою,
I вядомы да ўдзячнасці брод;
Поўніць гонар задвойчы Героя,
Што праславіў наш мужны народ!
Ціха лашчаць Мышанку абшары,
У сутонні – абрыс Бараўцоў…
Ужо пра подзвігі ў космасе мараць
Малайцы – хвацкі род Грыцаўцоў!
Ягадніцкі, А. Грыцаўцы : да гадавіны гібелі Сяргея Грыцаўца / Алесь Ягадніцкі // Наш край. — 2011. — 17 сентября (№107). — С. 2.