- Базы данных
- /
- Книга ПАМЯТИ
- /
- Литература о Великой Отечественной...
- /
- Калдычэўскі лагер смерці
Калдычэўскі лагер смерці
Жудасныя злачынствы фашыстаў вечна будуць памятаць Асвенцім, Майданэк, Бухенвальд, Дахаў, Маўтхаўзен. Такі ж канцэнтрацыйны лагер знаходзіўся і недалёка ад Баранавічаў.
Калдычэва… Гэта слова і сёння гучыць злавесна. Тут фашысты стварылі лагер смерці. Першымі вязнямі ў сакавіку 1942 года сталі вязні моцна перапоўненых баранавіцкай і стаўбцоўскай турмаў. З гэтых засценкаў сюды прывезлі прыкладна па дзвесце чалавек.
Тэрыторыя лагера ў некалькі радоў была абнесеная калючым дротам, ахоўвалася кулямётчыкамі. Уначы ахова ўзмацнялася дадатковымі агнявымі кропкамі і патрульнымі групамі вакол лагера. Умовы ў лагеры, стаўленне назіральнікаў да вязняў былі разлічаны на тое, каб не толькі зняважыць і ліквідаваць жаданне да супраціўлення ў зняволеных, але і знішчыць іх фізічна.
14 мая 2001 года я запісала ўспаміны людзей, якія жылі ў Калдычэве ў гады вайны.
З успамінаў Аляксандра Шырко:
«Мне было 12 гадоў. Я быў вясковым пастушком. Схаваўшыся, я на свае вочы бачыў, як мучылі і забівалі людзей. Вязняў падводзілі да ямы і стралялі ў патыліцу. Дзяцей садзілі на край ямы і білі палкаю па галаве. Ляжала шмат трупаў жанчын, старых людзей. З ямы даносіліся хрыпы, стогны, яна бурліла крывёю».
З успамінаў Яніны Радкевіч:
«Тэрыторыя была абнесеная калючым дротам. У лагеры знаходзілася мая сястра Амілія. Яна прыняла пакутніцкую смерць. Дзвярыма ёй паламалі рукі, пальцы, а потым сарвалі скуру на плячах. Рана была ў форме крыжа».
З архіўных матэрыялаў:
«Непадалёку ад лагера каты збілі партызана, а пасля цвікамі прыбілі яго да дуба. Вязняў-яўрэяў прымушалі рукамі і зубамі браць зямлю з месца пакарання і называць чалавека, якога мучылі, Езусам Хрыстом. Карнікі таксама наладжвалі масавае назіранне за жудаснымі здзекамі ў пакоі допытаў».
У 1942 годзе ў Калдычэўскі лагер усё прыбывалі і прыбывалі новыя зняволеныя з Баранавічаў, Стоўбцаў і іншых населеных пунктаў. Летам таго ж года сюды прывезлі шмат польскіх педагогаў, святароў.
Сярод закатаваных у Калдычэве быў нараджэнец хутара Міхалова Рубяжэвіцкага сельскага савета — ксёндз Баляслаў Брычкоўскі.
З успамінаў сястры Марыі Явід, жыхаркі вёскі Астравы Стаўбцоўскага раёна:
«Пасля заканчэння Пінскай духоўнай семінарыі ён служыў пробашчам у парафіі Крывошын. Разам з іншымі ксяндзамі быў зняволены ў Калдычэўскім лагеры. У 1942 ці ў 1943 годзе яго там атруцілі газам».
Сярод тех, хто працаваў у парафіях Стаўбцоўшчыны і загінуў у Калдычэве, былі:
Ксёндз Вацлаў Наймак. Падчас вайны працаваў пробашчам парафіі ў Новым Свержані. Быў арыштаваны фашыстамі і забіты ў 1943 годзе ў Калдычэўскім лагеры.
Ксёндз Юзаф Байко. Служыў пробашчам у парафіі Налібакі. Дзякуючы яго намаганням там пачалі будаваць касцёл. У 1943 годзе падчас масавых рэпрэсій супраць жыхароў Налібокаў яго разам з вікарыем ксяндзом Юзафам Барадзіным закатавалі.
Ксёндз Павел Дожык, пробашч парафіі Дзераўная.
Ксёндз Адольф Слівінсі, вікарый парафіі ў Стоўбцах.
Пра сляды злачыннай дзейнасці гэтага лагера сёння нагадвае помнік каля дарогі. «Люд спыніцеся, — заклікае надпіс адной з яго плітаў, — тут у гады Вялікай Айчыннай вайны быў Калдычэўскі лагер смерці. 22 тысячы мірных грамадзянаў загінулі ад рук гітлераўскіх катаў».
Фашысцкія карнікі спрабавалі замесці сляды сваіх жудасных злачынстваў і спальвалі рэшткі сваіх ахвяраў. Яны маскіравалі велізарныя магілы і равы, зраноўвалі іх з зямлёю, утрамбовалі і засявалі травамі, засаджавалі дрэвамі і кустамі. У ноч на 30 чэрвеня 1944 года акупанты расстралялі вязняў, якія засталіся жывымі, узарвалі асноўныя памяшканні — барак, канцылярыю, камеру допытаў. Цяпер слядоў турмы амаль не відаць.
Запісала Святлана Адамовіч,
бібліятэкар са Стоўбцаў
Ave Maria. — 2011. — №11. — С. 24.