- Базы данных
- /
- Книга ПАМЯТИ
- /
- Литература о Великой Отечественной...
- /
- Пад чорным крылом
Пад чорным крылом
Алёна Сіняковіч
Пад чорным крылом
22 чэрвеня 1941 года пачалася гераічная абарона Брэсцкай крэпасці. Фашысты хутка ішлі на ўсход, насаджаючы паўсюль «новы парадак». За час акупацыі немцы зруйнавалі 148 гарадоў і вёсак Брэстчыны. I з першых дзен насельніцтва пачало актыўнае супрацьстаянне ворагу.
26 чэрвеня 1941 года ў Пінску створаны першы на Беларусі партызанскі атрад Васіля Каржа. У гарадах актывізуецца падпольніцкая дзейнасць.
27 чэрвеня акупанты прыйшлі ў Баранавічы. Яўрэйскае насельніцтва амаль адразу адправілі ў гета (яно знаходзілася ў межах сённяшніх вуліц Лісіна і Гагарына, Багдановіча і Царука). 4 сакавіка 1942 года каты расстралялі больш за 3000 яго вязняў. Летам гэтага ж года ў Баранавічы прыехалі тры эшалоны (па 1000 чалавек у кожным) з вязнямі чэхаславацкага канцлагера Тэразінштат. Іх масава знішчылі ва ўрочышчы Гай.
У жніўні 1941-га ў Баранавічах узнікла антыфашысцкая арганізацыя. На той момант яна складалася з 23 падпольшчыкаў і мела рэзерв з 40 чалавек. З верасня 1942-га падпольніцкую дзейнасць узначаліў адноўлены Баранавіцкі абкам КП(б)Б. Падпольшчыкі збіралі боепрыпасы, медыкаменты для партызан, здзяйснялі дыверсіі. Асобная падпольная група дзейнічала ў гарадской бальніцы. У горадзе быў наладжаны падпольны друк.
Да лета 1944-га народныя змагары Брэстчыны падарвалі 182 фашысцкія эшалоны, каля 10 тыс. рэльсаў, падбілі 62 танкі і 1221 аўтамабіль, знішчылі каля 50 тыс. гітлераўцаў.
8 ліпеня 1944 г. войскі Беларускага фронту вызвалілі Баранавічы, а 28 ліпеня – Брэст. Пачалося аднаўленне зруйнаванага мірнага жыцця.
1 кастрычніка 1945 года ў Брэсце зноў пачалі работу 22 прадпрыемствы, чыгуначны вузел, лесазавод, вадаправод, быў наладжаны выпуск тавараў народнага спажывання.
Уставалі з руін і Баранавічы, жылы фонд якіх быў знішчаны на 85%. Па стане на 10 ліпеня 1944 года тут жыло 4 000 чалавек. Праз некалькі месяцаў пасля вызвалення Баранавіцкі гарадскі Савет дэпутатаў працоўных прыняў рашэнне аб стварэнні ў горадзе кінатэатраў. Пачаліся работы па аднаўленню стадыёна, была адкрыта гасцініца, пачалі працаваць медустановы, зноў адчынены школы, у тым ліку музычная і фельчарска-акушэрская. У кастрычніку 1944-га ў Баранавічах працавала 15 магазінаў і пяць сталовых. Колькасць гарадскога насельніцтва на той час складала ўжо 14 516 чалавек (як сведчыць кніга «Памяць: гіст.-дакум. хроніка г. Баранавічы і Баранавіцкага р-на», Мн. : БелТА, 2000, — с. 385).
9 мая 1945 года ў горадзе адбыўся святочны 25-тысячны мітынг працоўных і вайскоўцаў. Вось што паведамляла газета «Чырвоная звязда» 10 мая:
«У сярэдзіне дня на плошчы сабраліся жыхары горада і госці, каб выказаць сваю радасць. Гром авацый скалануў паветра, калі над плошчай у хуткім палёце пранеслася пяцёрка знішчальнікаў. Пасля параду пачалася дэманстрацыя працоўных. Галаўную калону ўзначалілі чыгуначнікі. За імі ішлі рабочыя і служачыя, настаўнікі школ і ФЗУ, школьнікі, і, здаецца, мнагалюдная плошча стала адной вялікай і дружнай сям’ёй. Усюды чуліся песні і смех. Калі скончылася дэманстрацыя, над горадам пачуліся і гутныя залпы. Гэта быў салют у гонар перамогі».
Сіняковіч, А. Пад чорным крылом / Алена Сіняковіч // Наш край. — 2014. — 10 декабря (№94). — С. 4.