Ян Чачот – Мышанка


Хадкевіч Кароль не займеў яшчэ Мышы,
Далёка ўжо час той, далёка! –
Яшчэ без імя у лясной гэтай цішы
Рака булькатала ў асоках,

Калі жыў ліцвін тут, што Мышкам быў званы –
Дамок з заімшэлай страхою.
Бядняк, але быў ён гасціннасцю знаны,
А болей – красуняй-дачкою.

Адсюль недалёка, над светлай ракою,
Над чыстым дагледжаным ставам,
Дзе замчышча сёння у хвоях старое,
Быў замак, што ленным тут правам

У князя быў выслужыў рыцар адданы –
Відаць са шчасліваю доляй.
Быў вельмі заможны ён і паважаны,
Як рэдка ў Літве ў нас хто болей.

Прыгожы і стройны, вясёлы заўсёды,
Блукаў на кані ён па краі.
Скакаў, паляўнічы, ён у Цепліводы,
Кружыў па Казінавым гаі.

Аднойчы ён стрэў пад ляшчынай густою
Красы найдзівоснай дзяўчыну,
Што ў кошык арэхі ў лясным супакоі
Зрывала, нагнуўшы галіну.

Бліжэй падышоў. І так шчыра вітае,
Пра імя даведацца хоча.
Яна, адказаўшы, уніз апускае,
Нясмелая, сціплая, вочы.

Падумаў сабе ён: напэўна, прастачка,
Ён лёгка яе ашукае.
Памкнуўся абняць, ды яна – ну й дзівачка! –
Наўцёкі, ратунку гукае.

Браты дзесь далёка – ці ж іх дазавецца?
А ён даганяе і з ходу
Хапае дзяўчыну. Яна, хоць, здаецца,
Была і не слабай ад роду,

Не можа тут вырвацца – божа наймілы!
Ну, як жа ёй абараніцца?
Ёй страх, злосць і сорам патройваюць сілы,
Змагаецца, быццам бы львіца.

А ўсё ж ён дужэйшы! Якая хвіліна –
І рыцару здасца ўсё роўна,
Ды пхае яго і хапае, дзяўчына,
Каня тут за цуглі раптоўна.

Конь вырвацца хоча, яна ж яго ўмела
Суцішвае ўміг, чараўніца.
За грыву бярэцца, ускаквае смела –
І вось на кані ўжо імчыцца.

Тут рыцар убачыў слугу і без слова
Каня у яго вырывае.
Ён птушкай – ці поле, ці луг, ці дуброва –
За ёй, маладзён, улягае.

Імчыцца дзяўчына, імчыцца без духу,
А рыцар – за ёю, за ёю,
А вецер аж свішча ў яе каля вуха,
Каса за плячамі – змяёю.

На бераг ракі во яна прылятае,
Конь стаў тут, б’е ў дол капытамі.
І далей – ні кроку, зямлю узрывае,
Варочае страшна бялкамі.

Ды фыркае, кружыць, кідаецца ў бокі,
А тут і пагоня далінай
Узвіхрыла пыл, ад яе ўжо тры крокі…
Саскоквае долу дзяўчына.

Ды ў хвалю рачную з разгону нырае –
Хутчэй жа, хутчэй ад пагоні!
Юнак жа – услед. Сілы ёй не хапае.
Штохвілі слабее і – тоне!

Схавалася ў цёмнай вадзе з галавою –
Юнак даплысці ці здалее?
Не ўспеў! Толькі хвалі бягуць чарадою.
Чысцюткая згасла лілея!

Юнак! Што ж тваё нарабіла жаданне?
Даць згінуць душы найпрыгожай,
Так вартай найлепшай пашаны, кахання!
Ну, хто дараваць гэта можа?..

Дазналіся людзі, да плыні святлістай
Падбеглі, у смутку пасталі…
У гонар дзяўчыны, душы яе чыстай
Мышанкаю рэчку назвалі.

А рыцар над тою ракой ціхаплыннай
Паставіў мястэчка навечна
І Мышшу назваў яго – ў памяць дзяўчыны,
Што так загубіў недарэчна.

Яна ж перад Юр’ем на бераг з-пад раскі
Выходзіць заўсёды вясною,
І скрозь расцвітаюць тады з яе ласкі
Мінушкі – іх любяць гурмою

Дзяўчаты збіраць ды, спяваючы песні
Пра сонца і шчасце на свеце,
Віць шчыра вяночкі з іх, красак тых весніх,
Што потым на мшы ўжо асвецяць.

Паслужаць мінушкі дзятве ад сурокаў
Мо чараўніка, чараўніцы.
Хай прымхі ўсё гэта ды іншае вока
Ў іх знойдзе жыцця таямніцы…

У час, калі ноч зорны свет расхінае,
Пры месяцы бачу здалёку,
Як лёгкім зефірам тут перабягае
Дзяўчына раку у паўзмроку.

Угледзь яе постаць у мроіве мглістым –
Імгла ж ля дзяўчыны святлее.
Сама ж яна толькі мо душам найчыстым
Адкрыецца – твар, што лілея.

Сюды ўсе дзяўчаты раней прыбягалі,
Сваёй давяраючы цноце.
У час мой яны ўжо радзей тут бывалі –
Жывуць яшчэ прымхі ў прастоце.

Мо ў памяць аб даўнім хлапцы і дзяўчаты
На Юр’я па сёння ў сваволі
Уранку з зарою – усе любяць святы –
Прыносяць прысмакі на поле.

Смяюцца, дурэюць, прысмакі з’ядаюць.
Калі ж тут за трункам старыя,
На межах пасеўшы ўкруга, пачынаюць
Расказваць пра дзеі былыя,

Качацца з пагорка ўся моладзь імчыцца.
Калі да дзяўчыны каторай
Хто з хлопцаў прыкоціцца, з ёю як быццам
І да алтара пойдзе скора.

І праўдзяць варожбы, бо хто ж паімкнецца
З пагорка таго да нямілай!
А тая ж, што ў мроі ўвайшла ўся і ў сэрца,
Пацягне магнітнаю сілай…

Ячшэ ёсць аповесць. Хто Мыш найдаўно тут
Закладваў, сказаў нечакана:
“Дам селішчу імя той першай істоты,
Што заўтра мне стрэнецца рана”.

Назаўтра у бок Цепліводы паволі
Дарогай паехаў ён конна.
Аж бачыць тут: выбегла мышка на поле
З кустоў, пазірае здзіўлёна.

Аповесць во гэтая звязана з тою;
Ды толькі там мышка другая!
О, кожны хацеў бы спаткацца з такою
Пад голлямі спеўнага гаю!

Яе павітай толькі шчыра, пачціва,
Як шчыра вітаў я, бывала,
Ды пагамані, як з сястрою,  зычліва,
З увагай, пашанай, без шалу.

Бо ёсць жа дзяўчаты, якія заўсёды
Лепш кінуцца ў вір галавою,
Чым імя заплямяць за міг асалоды:
Як жыць потым з ганьбай такою?..

О мілы ўспамін! Дарагая Мышанка!
Зноў снішся ты ў барве заранак.
Найпершая ў свеце мая ты каханка,
Мільгнуў тут жыцця майго ранак.

Мае ўсе тут гульні, блуканні, забавы,
Высочваў я рыбку тут днямі,
Траву нёс кароўкам, рваў кветкі, рухавы,
Тут “біўся” не раз з “казакамі”.

У чыстым крышталі тваім тут, здзіўлёны,
Я бачыў тады пад вадою
Чародку альшын, бор, узгорак зялёны,
Сябе – і ўсё ўніз галавою.

Тут час пралятаў мой, нам, дзецям, з табою
Так міла было і цікава.
Як рады былі, калі крыгі вясною
Ішлі тут – за лаваю лава!

Тады, у маленстве, калі я, шчаслівы,
Ў твае углядаўся крышталі,
Не знаў, што ўжо ў сэрца –
о час наш імклівы! –
Яны мне навечна запалі.

Сум, радасць – як воблакі, тут праплывалі,
Раіліся чыстыя мары.
Вучылі нас думаць, рака, твае хвалі
І родных палеткаў абшары.

З людзьмі жывучы, ад людзей о як многа
Бярэш ты і ў сэрца, і ў голаў.
Як і ад ракі той, ад гэтых разлогаў,
Ад жыта, што спее наўкола.

Я жыў той красою – у часе прымглёным,
Красе ўсёй, пачуццям высокім
Я толькі пасля пазнаходззіў імёны
У свеце шматфарбным, шырокім.

Не знаю, дзе буду, памру дзе, не знаю,
Ды ўдзячны зямлі я, дзе вырас,
Я ў думках лячу зноў да роднага краю,
Здалёк мне відаць яго вырыс.

Мышанка мая! За ўсе краскі, за тое,
Што жыў тут, табою прыгрэты,
За светлае ранне сваё залатое, –
Прымі ж ты вянок мой во гэты.

Яндекс.Метрика