- Базы данных
- /
- База дадзеных – Ян...
- /
- Балады Яна Чачота прысвечанныя...
- /
- Ян Чачот – Узногі
Ян Чачот – Узногі
Узногі
Гэй, хамы нягодныя! Я вам дазволіў
У лесе маім браць – і то па білету –
Падгнілую леж усяго, і каб болей
Не ссеклі і розгі – запомніце гэта!
Гэй, хамкі нікчэмныя! Красці – даволі!
Каб болей ні ягадкі з лесу, ні грыба!
Ну, хіба ж вы сеялі іх тут, палолі?
Маё усё гэта, мая тут сядзіба!
І вашыя душы, як гэтыя дрэвы,
Належаць мне толькі па праву.
Каб зналі: не будзеце слухаць мяне вы –
Знайду на вас хутка я ўправу!
І ты будзь жа пільны заўсёды, ляснічы,
Ды пушчу вартуй адмыслова.
У тых, хто залезе сюды па здабычу,
Здзірай кажухі з плеч без слова!
Ніводны звярок і ніводны арэшак
Прапасці ў мяне не павінен!
Запомняць хай добра: не любіць пан смешак.
Усіх пакарае, хто вінен!..
Няхай толькі трапіць мне ў рукі каторы –
Да тысячы розгаў ён зведае з плота!
Панюхае й воцату ўжо. Аж да зморы
Хвастаць буду злодзея тога з ахвотай!..»
Такія пагрозы кідаў пан вяльможны,
Што жыў у маёнтку Узногі.
Як чорта, яго, пана ўзногскага, кожны
Здалёку абходзіў – быў гэтакі строгі!
Ды хто ж гэта жыць мужыку забароніць!
Ці ж можна уседзець у цёмнай хаціне,
Дзе ў місе крупіна крупы не дагоніць,
А скваркі, малой хоць, няма і ў паміне?
А прыйдзе вясна – скрозь падчысціць падполлі,
Не знойдзеш нідзе і з мякінаю хлеба.
Адна крапіва. Ды і тая без солі.
За нешта ж купіць яшчэ соль гэту трэба.
Таму вось мужык красці дрэва і лезе,
На рынак вязе – хоць на грошык разжыцца.
Дармо, што бізун панскі бачыцца ў лесе –
Ну, хіба ж жывому ў магілу лажыцца?
У хаце унь жонка ўжо ледзьве жывая,
Як цені, дзятва згаладалая ходзіць.
Яго ж і самога – вось напасць якая! –
Таксама у бокі ад голаду водзіць.
Нястача навокал. І пуста і гола.
Схудалыя волікі ён запрагае,
За пояс – сякеру. Так роспач ды голад
Вядуць яго ўночы па дрэва да гаю.
Нібы ліхадзей, чалавек паважаны
Між дрэвамі крадзецца – доля такая!
Сучок які трэсне, і ён, напужаны,
І чуйны, як звер той, увесь замірае.
І вось ён на месцы. Ледзь дрэва асіліў!
На воз яго цягне, знямоглы, аж млее.
Ды толькі былі яго злічаны хвілі:
Яго ўжо ляснік бізуном сваім грэе!
Так, не дараваў пан: хай знае галота!
“Лупіць, каб запомніў!” – загад быў суровы.
і вось прывязалі ўжо да пераплота,
Хвасталі бічамі – за тыя ўсё дровы!
Дамоў ледзь зайшоў, і ўжо сілы не стала:
Сканаў на парозе гаротнае хаткі!
А там нежывая і жонка ляжала –
Без бацькі ўжо дзеці, без маткі!
Яшчэ з імі дзед ледзь жывы быў. Што ж есуі
Яму, бедным дзецям, што з голаду млелі?
Сястрычка старэйшая ўздумала весуі
У лес іх – там ягады ,кажуць, паспелі.
Ах, пане! Ці ж ты сеяў ягады тыя,
Ці ж твой гэта, скнара, набытак?
Засеяў сам бог скрозь гароды лясныя –
Нам, бедным, бяздольным, на ўжытак.
Дае дзецям лубкі і, рада не рада,
У лес з імі ціха дзяўчынка пляцецца.
Яна не забылася панскіх загадаў,
Але не спыняецца ўсё-ткі – дзе ж дзецца?
Ідуць, бы злдзеі, пачцівыя дзеці,
Кідаючы ягады ў лубкі.
Трасуцца, як пархне дзе птушачка ў вецці,
Пужаюцца нават галубкі!
Ляснік прасачыў такі. Б’е ўжо дзяўчыну,
Схапіўшы знянацку за косы.
Дарэмна сваю выкладала прычыну,
Дарэмна маліла нябёсы.
У двор прыцягнуў. І вось розгі ўжо носяць.
Загадвае пан агаліць небарачку.
Тут пана ўжо нават дамашнія просяць,
Ды пан і не слухае: дай ім патачку!
Дачка дарагая! Унучка мая ты!
Каб быў там я ў гэту часіну,
Я ганьбіць цябе не дазволіў бы катам,
Лепш сам пры табе б я загінуў!
Лепш лёг бы няхай у зямлю я сырую,
Чым даць памагатым таго ненажэрца
Зняважыць тваю сарамлівасць святую,
Цнатлівасць дзявочага сэрца!
Прыбілі дзяўчыну, дахаты паволі
Пайшла, ну а дома скруціла нябогу –
Памерла ад голаду, сораму, болю,
Адпомсціць за ўсё даручаючы Богу.
Цяпер хочу вылезці дзед з беднай хаты,
Пайсці жабраваць – мо дзе выпрасіць хлеба,
Адзеўся ў старыя падраныя шматы,
Паплёўся. Ісці ж праз той лес якраз трэба.
Ідзе ён, няшчасны, ледзь цягне ўжо ногі,
Кіёк хоча выламаць = будзе падмога.
Дывыламаў толькі – ляснічы з дарогі
Падбег і ўжо цягне ў маёнтак старога!
Было толькі ўдарыць, слабога, даволі –
Упаўшы, пры пану сканаў ля парога,
Адпомсціць за здзекі усе, за нядолю,
За гібель сям’і даручаючы Богу.
Адны засталіся драбнюткія дзеці.
Іх голад пагнау жабраваць да суседзяў.
А пан – дзе ёсць прагнасць такая йшчэ ў свеце –
І ў горы сірочым карысць сабе ўгледзеў:
Жылі тры браты, шчыра так працавалі,
Ды кепска для пана: усе ў адной хаце,
І паншчыну, як ні лічы, адраблялі
Адну яны – страта на страце!
І ён аднаму з іх, старэйшаму брату –
Хай сам за сябе цяпер дні адрабляе –
Ва ўласнасць аддаў апусцелую хату,
Што кінулі дзеці ў адчаі.
Яшчэ меў карысць пан з сям’і той няшчасця:
НЕ пойдзе ўжо ў лес больш галоты дружына,
Не пойдзе туды састарэлы дзед красці,
Не пойдзе і тая дзяўчына.
А хто пабяжыць, у куратніку будзе,
Нібыта злачынец, замкнёны.
Наслухацца зможа там, седзячы ў брудзе,
Ад пана абразаў шалёных.
Во лета мінула. Паспелі арэхі.
Ніхто не крануў іх – усе-ўсе для пана.
Сабраў ён сваіх – будзе гэтулькі ўцехі! –
І ў лес выпраўляецца рана.
Ідуць з ім вясёлыя дзеці і жонка
І ўся, што на Ўзногах, прыслуга,
Хто з лубка й, хто з лёгкай вярэнькай, пляцёнкай,
Хто з возам – усе пацягнуліся цугам.
А лес той пануры і цёмны, як хмара –
Знябёсамі тут ён гамоніць спрадвеку.
У ім госціць звер толькі ў норах, выжарах –
І следу нідзе чалавека.
Ідзе грамада ў лес – галёканне, крыкі,
Гуляе між дрэў, адбудзіўшыся, рэха.
Трасуць лузганцы ў кожным закутку дзікім,
А іх – нібы сыпле хто з меха!
Бяруць і бяруць – у мяхі, у вярэнькі,
У кошыкі, шапкі, кішэні.
Набралі ўсе. Нават у дочак маленькіх
Арэхаў – паўніткія жмені.
Да з яснага неба над саменькім гаем
Раптоўна пярун тут ударыў!
Зірнуць не паспелі – агонь скрозь шугае.
Хвіліна – і лес у пажары!
Агонь аж раве, дым над дрэвамі – хмарай.
З нор выгнаны валам агнёвым,
Звер дзікі ляціць стрымгалоў ад пажару,
Ды гіне у полымі з ровам.
І птаства пячэцца – паны, ці вы рады?
Частуйцеся ж: ваша яно, не чыёчці!
У кухні пякельнай той варацца гады.
А во прыпякло і вашмосцям!
А з неба ні дожджыку нават, ні граду –
Што ж. бодая воля такая!
Сярод той спякоты, і дыму, і чаду
Вады – хоць бы кропля малая!
Агонб жа нязбытны ўсё болей шалее,
Галосяць паны – дзе ім дзецца, не знаюць,
Паўзуць адусюль – о, бяда! – на іх змеі,
Іх шчыльна усіх акружаюць.
А з імі арлы, каршуны з крумкачамі,
Шул1нкі, сіпы, совы хмараю цёмнай
Ляцяць да хапаюць паноў кіпцюрамі,
Ірвуць на шматы іх няўтомна.
Да неба сягалі жахлівыя крыкі,
Ды ўмомант замоўклі: усё спапялела,
У полымі страшным загінуў лес дзікі.
Стаў вугалем, пусткай счарнелай.
Цяпер на тым месцы балота, выжары,
А ў торфе там дрэвы з карчамі. Іх людзям,
Дроў смольных, што безліч ляжыць на абшары,
На тысячу год, пэўна, будзе…
Усё зарасло там бярозай куртатай,
Глухім багуном, лаханамі.
Курчы ў Мыш з Баранавіч – так іх багата –
Шчэ пад лагуны й сёння возяць вазамі…
О панская сквапнасць! Во гэтакіх хіба
Паноў, як ва Ўзгонах, вы не сустракалі?
Усе яны дрыжма дрыжаць, каб і грыба
У лесе сялянкі хаця б не паднялі.
Нікому сарваць не даюць там нічога,
Пакуль у мяхі сабе не нахапаюць.
Як быццам гароды лясныя, што Богам
Усім дараваны, яны засяваюць.
Пад стражу ўвесь лес узялі – так пільнуюць,
Людзей жа за свет шлюць па дрэва гнілое,
За ўсякі крадзеж селяніна лупцуюць
Ці выкуп дзяруць – што ім скажаш на тое!
А глуміцца пушча! Яўрэй унь ссякае
Яе без шкадобы – гай робіцца галам!
Дый вецер віхурны наставіць, бывае,
Тут з дрэў піраміду – павал за павалам.
Лес – гэта ж багацце: каму невядома?
Калі ў год каторы не ўродзіць на полі,
Лес будзе ратункам: не дасць анікому
Ад голаду згінуць ніколі.
Дый хай мужыка пан навучыць талкова,
Як лес шанаваць, памнажаць дрэва тое.
Тады мо й не будзе караць так сурова
Яго за палена любое.
Мужык, кажаш, меры ніякай не знае?
Арэх рве з ляшчыны няспелы, зялены?
Ды тольуі дабру хіба ж хто навучае
Праз кары ды праз забароны?
Зірніце на нівы суседняга краю –
З лазы вінаград скрозь звісае там нізка.
Ніхто ж не сарве яго, хоць не ў звычаі
Ганебны бізун там і блізка.
Надзелены лепшай натураю, можа.
Насельнікі іншай, не нашай краіны?
Ці ёсць мо – хто мне зразумець дапаможа?
Яшчэ тут якія прычыны?
Зямля ў нас ліхая? Нічога не родзіць?
Ці тут гультаі? Праца ў нас не ў пашане?
Чаму ж селянін наш, як старац той, ходзіць,
Калі там панамі – сяляне?