2. Рэшткі турмы Калдычэўскага лагера смерціТекст

У сакавіку 1942 года, побач з вёскай Калдычэва, быў створаны лагер для масавага знішчэння людзей. Для гэтай мэты быў выкарыстаны маёнтак Калдычэва, які раней належыў сям’і памешчыка Тамаша Шалевіча. Яго нямецкія акупанты пераабсталявалі ў канцэнтрацыйны лагер смерці, што стаў стаў магілай для грамадзян СССР і Польшчы. За два з невялікім гады ў лагеры было знішчана звыш 22 тысяч чалавек.

“Абслугоўвалі” лагер адшчапенцы з 13-га Беларускага паліцэйскага батальёна СД (7 – я рота, па некаторых звестках – 4-я) і так званая “украінская сотня”.

Тэрыторыя лагера была абгароджана некалькімі радамі калючага дроту і абсталявана кулямётнымі гнёздамі. Уначы бяспека ўзмацнялася дадатковымі агнявымі кропкамі і патрульнымі атрадамі вакол лагера.

Да восені 1943 года камендантам лагера быў Сяргей Бабко, затым яго змяніў на гэтай пасадзе штурмбанфюрэр СС Франц Йорн.

Сярод вязняў лагера былі партызаны, удзельнікі польскага руху Супраціўлення, яўрэі, а таксама тыя, хто ўхіляўся ад працоўнай павіннасці. Па прыбыцці ў лагер зняволеныя павінны былі прышыць на сваю вопратку спецыяльныя знакі, якія павінны былі дыферэнцыраваць іх па ступені небяспекі для акупацыйных уладаў. Знакі насілі ззаду і спераду, акрамя таго, мужчыны насілі іх на правым баку штаноў. Ступень небяспекі вызначалі па колькасці светлавых палос на 10-ці квадратных сантыметрах чорнай тканіны. У першую чаргу знішчаліся зняволеныя, якія мелі 3 паласы.

Трапіць у лагер можна было за ўсё, што заўгодна: ад падазрэння ў сувязі з партызанамі, да адмовы выдаць прадукты немцам.

Вязні лагера размяшчаліся ў бараках і гаспадарчых пабудовах. На тэрыторыі лагера была спецыяльна пабудавана турма, якая ўтрымоўвала 12 камер. Зняволеным даводзілася ўставаць у 6 гадзін раніцы, пасля чаго праводзілася праверка, якіх на працягу дня было не менш за 6. Усе праверкі, як правіла, суправаджаліся пабоямі і здзекамі над зняволенымі. За самую нязначную правіннасць, часта надуманую, іх збівалі дубінкамі, нацкоўвалі сабак або проста забівалі.

Вязні лагера смерці працавалі ў цагляным, мылаварным і іншых цэхах,  на палях і на здабычы торфу. Яны таксама займаліся пагрузкай і разгрузкай металу і будаўнічых матэрыялаў. У лагеры былі створаны такія майстэрні, як кравецкая, шавецкая, сталярная, гарбарная, кавальская, гадзіннікавая і ювелірная, дзе выкарыстоўвалася праца кваліфікаваных зняволеных.

Працоўны дзень доўжыўся 10-12 гадзін. Нормы выпрацоўкі былі высокімі, напрыклад, пры здабычы торфу мужчына павінен быў на працягу дня даставіць у лагер 1550 пліт торфу, а жанчына – 1150 пліт. За невыкананне – збівалі.

Зняволеныя галадалі. Іх кармілі баландай — вадой, прыпраўленай тухлай мукой, часам палыном, крапівой і бацвіннем. У суткі выдавалі 140-150 грамаў эрзац-хлеба. Падчас адступлення нямецка-фашысцкіх войскаў маёнтак Шалевічаў быў знішчаны. Турма, дзе ўтрымлівалі зняволеных – падарваная.

Яндекс.Метрика