3. Дуб, на якім, паводле ўспамінаў, мучылі і каралі смерцю вязняў лагера

Нямецка-фашысцкія захопнікі, якія зневажалі любыя чалавечыя асновы і нормы  маралі, перавярнулі ўсё з ног на галаву. Дрэва жыцця стала сімвалам смерці. Дуб-шыбенік, адзін з трох, на якіх вешалі вязняў лагера, дагэтуль расце каля вёскі Калдычэва. У дуб ўкалочаныя клямары. Па іх зняволены сам павінен быў узлесці на дрэва, сам надзець сабе пятлю на шыю, сам саслізгнуць з яго. Як многа смерцяў бачыў гэты дуб!

З кнігі Б. П. Шэрмана «Баранавіцкае гета. Калдычэўскі лагер смерці»:

“Улетку 1943 года да дуба, што рос недалёка ад камендатуры, карнікі моцна прывязалі мужчыну старэйшага за 30 гадоў. На ім быў прымацаваны знак «партызан». Чалавек 20 паліцэйскіх па камандзе каменданта Іерна білі дубінкамі і забілі гэтага мужчыну…”.

“Збітага да паўсмерці партызана каты прыбілі цвікамі да дуба, а вязняў-яўрэяў карнікі прымушалі браць рукамі і зубамі зямлю з месца пакарання і называць пакаранага смерцю Ісусам Хрыстом.”

А вось уражанні нашых сучаснікаў ад наведвання гэтага месца: “Крыху ў баку расце прыгожы дуб – месца пакарання смерцю многіх ахвяр Калдычэўскага фашысцкага лагера смерці. Шчыра кажучы, хай гэты дуб і вымахаў за пасляваенны час (як-ніяк  столькі гадкоў мінула), але знаходзіцца пад яго кронай цяжка – цяжкай энергетыкай ад яго прадзімае. Прынамсі, мая жонка не вытрымала…».

Яндекс.Метрика