5. Памятны знак ахвярам фашызму “Сцяна плачу”

Жыхар горада Баранавічы Міхаіл Гольберг, які сам цудам выратаваўся ад рук фашыстаў, прапанаваў усталяваць на месцы гібелі яўрэяў памятны знак. Затым прадстаўнікі яўрэйскай абшчыны прапанавалі прадстаўнікам іншых канфесій і мясцовым жыхарам, аб’яднаць намаганні па ўвекавечанні памяці ахвяр генацыду. Распараджэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21 снежня 2005 года былы лагер смерці “Калдычэва” атрымаў статус мемарыяла.

Работы па ўзвядзенню памятнага знака на месцы гібелі вернікаў трох канфесій пачаліся ў 2006 годзе. На будаўніцтва былі вылучаныя грошы з рэспубліканскага бюджэту. Работы па стварэнні і рэалізацыі праекта выканала на дабрачынных пачатках група праекціроўшчыкаў г. Мінска, у памяць аб сямі загінуўшых у Калдычэўскім лагеры смерці сваяках кіраўніка  – ураджэнца Гарадзішча Баранавіцкага раёна, Станіслава Ліхуты.

Памятны знак ахвярам генацыду – прадстаўнікам трох рэлігійных канфесій: іудзеям, каталікам і праваслаўным – быў адкрыты на месцы пахаванняў вязняў Калдычэўскага лагера смерці 3 ліпеня 2007 года.

Помнік усталяваны на ўездзе ў Міхнавіцкі лес паміж вёскамі Калдычэва і Міхнаўшчына, дзе ў гады Другой сусветнай вайны знаходзіўся лагер смерці.

Помнік уяўляе сабой трохстворкавую арку, на якой устаноўлены Зорка Давіда, праваслаўны і каталіцкі крыжы. У адкрыцці гэтага унікальнага, адзінага ў Беларусі помніка прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі, Беларускі саюз архітэктараў, члены яўрэйскіх абшчын рэспублікі, каталіцкай супольнасці і мясцовыя жыхары.

Яндекс.Метрика